BE RU EN

Андрэй Саннікаў: «На справе Аўтуховіча рэжым зломіць зубы»

  • 7.05.2010, 9:15

Абсурднасць абвінавачванняў апазіцыянераў у тэрарызме і падпалах стала абсалютна відавочнай 6 траўня, заявіў лідэр «Еўрапейскай Беларусі».

«На працягу года беларуская карная сістэма прыкладала страшэнныя высілкі, каб сфабрыкаваць справу аб падпалах і падрыхтоўцы замахаў на вышэйшых дзяржаўных чыноўнікаў, адзін з якіх губернатар цэлай вобласці. Людзей запалохвалі, кідалі ў турмы, спрабавалі выбіць з іх паказанні на лідэраў ваўкавыскіх прадпрымальнікаў. Мы ведаем, што для Лукашэнкі Гітлер з'яўляецца аўтарытэтам. У свой час у нацысцкай Германіі быў працэс аб падпале Рэйхстагу, які з трэскам праваліўся. Сёння лукашэнкаўская справа аб падпале і падрыхтоўцы тэракту развалілася на вачах ва ўсёй Беларусі і ўсяго свету», - заявіў Андрэй Саннікаў у інтэрв'ю charter97.org.

На думку палітыка, палітвязні Аўтуховіч і Асіпенка павінны былі 6 траўня выйсці на волю.

«Але Мікалай Аўтуховіч і Уладзімір Асіпенка страшныя для рэжыму як людзі моцнай волі і нязломнага духу, таму ім быў вынесены гэты бязглузды прысуд, і яны застаюцца ў зняволенні. Тым не менш, можна сказаць, што цвёрдасць і паслядоўнасць гэтых герояў, беларуская і міжнародная салідарнасць, падтрымка сяброў-«афганцаў» дапамаглі атрымаць перамогу. Бо па гэтых абвінавачваннях і Асіпенку, і Аўтуховічу пагражала нават вышэйшая мера. Сёння самыя страшныя абвінавачванні суд вымушаны быў з іх зняць.

Усе разам мы працягнем барацьбу за іх найхутчэйшае вызваленне. І я веру, што мы гэтага даможамся. Бо не сакрэт, што шмат хто з заходніх дыпламатаў і нават прадстаўнікоў некаторых міжнародных праваабарончых арганізацыяў вельмі насцярожана ставіўся да нашых сцверджанняў пра тое, што Аўтуховіч, Асіпенка і Лявонаў – палітвязні, а абвінавачванні супраць іх – высмактаныя з пальца. Аднак Лявонаў ужо на волі, а абсурднасць абвінавачванняў апазіцыянераў у тэрарызме і падпалах стала абсалютна відавочная сёння. І зараз для ўсіх абсалютна зразумела, што Аўтуховіч і Асіпенка працягваюць утрымлівацца за кратамі незаконна. На справе ваўкавыскіх прадпрымальнікаў рэжым зломіць зубы», - упэўнены лідэр «Еўрапейскай Беларусі».

Нагадаем, што арыштаваны ў лютым 2009 года палітвязень Мікалай Аўтуховіч прысуджаны ўчора Вярхоўным судом да 5 гадоў і 2 месяцаў пазбаўлення волі ў калоніі строга рэжыму, Уладзімір Асіпенка — да 3 гадоў калоніі агульнага рэжыму. Прысуд абскарджанню не падлягае.

Апошнія навіны