Масква перастала карміць Лукашэнку
- 15.06.2010, 9:11
Самае смешнае, што ў Маскве Пуцін Лукашэнку так і не пакарміў. «Яны не елі. Размаўлялі пра справы», — паведаміў прэс-сакратар прэм'ер-міністра Расеі.
Як нагадвае газета «Московский комсомолец» , беларускі кіраўнік нечакана прыехаў у мінулую пятніцу ў Маскву, каб абмеркаваць з першымі асобамі Расеі пытанні стварэння Мытнага саюза. Аляксандра Лукашэнку па чарзе прынялі Дзмітры Мядзведзеў і Уладзімір Пуцін.
Беларускі лідэр па традыцыі скардзіўся (на гэты раз — на Мядзведзева, які яго нібыта не пакарміў) і патрабаваў (каб вячэрай яго пачаставаў УУП). Вось які дыялог адбыўся ў Лукашэнкі з Пуціным.
Пуцін: Аляксандр Рыгоравіч! Пакуль Вы вячэралі з Дзмітрыем Анатолевічам, я паспеў...
Лукашэнка: Ды нічога не накармілі...
Пуцін: ...спортам пазаймацца.
Лукашэнка: Вячэралі?! Я прыехаў, думаў, хоць дасцё кавалак хлеба паесці...
Пуцін: Ужо паплаваў, схадзіў у спартыўную залу.
Лукашэнка: Я таксама паплаваў, але да сустрэчы з Дзмітрыем Анатолевічам. Але Вы не загаворвайце, вячэра за Вамі!
Пуцін: Ну добра.
Лукашэнка: Ці Вы не ясцё так позна?
Пуцін: Ем у любы час сутак.
Лукашэнка: Я жартую.
Самае смешнае, што Пуцін Лукашэнку так і не пакарміў. «Яны не елі. Абмяркоўвалі эканамічныя пытанні, казалі пра справы», — паведаміў «МК» прэс-сакратар прэм'ера Дзмітры Пяскоў.
Такім чынам, Лукашэнка не дапрасіўся ў расейскага прэм’ера кавалка хлеба, хаця размова доўжылася даволі доўга — пачалі прыкладна ў палове на адзінаццатую вечара, а разышліся ўжо пасля гадзіны начы. Магчыма, галадаць Пуцін прымусіў Лукашэнку ў лячэбных мэтах — каб быў згаворлівей у пытаннях стварэння Мытнага саюза. Як ужо пісалася, Менск патрабуе ад Масквы адмяніць экспартныя пошліны на нафту. Ад гэтага, неаднаразова даваў зразумець беларускі бок, будзе залежаць, ці зацвердзіць Менск Мытны кодэкс, неабходны для функцыянавання Мытнага саюза. А саюз павінен пачаць дзейнічаць з 1 ліпеня.
Каментуючы вынікі сустрэчы Пуціна і Лукашэнкі, Дзмітры Пяскоў заявіў, што пазіцыя Расеі ў дачыненні да пошлінаў на нафту ніяк не змянілася: «Гэтая пазіцыя мае мала допускаў для гнуткасці». Дастаткова таго, што Беларусь бяспошлінна атрымлівае такую колькасць «чорнага золата», якое неабходна ёй для ўнутранага спажывання.