Афіцыйны Менск не каментуе сітуацыю па газе
- 16.06.2010, 10:07
Прэс-службы беларускага ўрада, міністэрства энергетыкі і ААТ «Белтрансгаз» не змаглі даць агенцтву «Інтэрфакс» аператыўны каментар.
Як стала вядома агенцтву «Інтэрфакс», ва ўрадзе раніцай праходзіць планавая нарада па пытаннях энергетыкі, на якой, магчыма, будзе разгледжанае і газавае пытанне.
Раней паведамлялася, што прэзідэнт РФ Дзмітры Мядзведзеў на сустрэчы з кіраўніком «Газпрама» Аляксеем Мілерам заявіў: «З улікам таго, што мы з Беларуссю ўзаемадзейнічаем у партнёрскім ключы, дамо 5- дзённы тэрмін для нашых калегаў для таго, каб яны вызначыліся, як паводзіць сябе далей». «Вы выйдзеце на кіраўнікоў адпаведных беларускіх структураў, якія гэтым пытаннем займаюцца, і прапануеце ім у найкарацейшыя тэрміны пагасіць запазычанасць», - даручыў Мядзведзеў Мілеру. «Калі гэтага зроблена не будзе, тады прыйдзецца ўжываць строгія меры», - падкрэсліў прэзідэнт.
Прэзідэнт РФ нагадаў, што пытанне аб ліквідацыі запазычанасці беларускага боку перад «Газпрамам» за газ ён абмяркоўваў на нядаўняй сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам. Мядзведзеў адзначыў, што запазычанасць перад «Газпрамам» па разліках за газ сёлета складае каля $200 млн. Як паведамлялася, у ААТ «Белтрансгаз» (50% акцыяў належыць «Газпраму») раней заяўлялі, што пытанне разлікаў за газ вырашаецца на вышэйшым узроўні.
Паводзе дадзеных Нацыянальнага статкамітэта Беларусі (Белстат), пратэрмінаваная запазычанасць Беларусі за прыродны газ перад расейскім ААТ «Газпрам» на 1 траўня 2010 года склала 392,8 млрд беларускіх рублёў (каля $133 млн па курсе на 1 траўня). За красавік пратэрмінаваны доўг перад «Газпрамам» вырас на 45,8% (на $41,7 млн) пасля росту ў 1,9 раза (на $43 млн) за сакавік. Паводле дадзеных на 1 сакавіка пратэрмінаваная запазычанасць складала $48 млн. Паводле дадзеных на 1 студзеня і 1 лютага 2010 года ў Беларусі не было пратэрмінаванай знешняй запазычанасці за газ.
Паводле дадзеных Белстата, у студзені-красавіку 2010 года Беларусь закупіла ў РФ 7 млрд 907 млн кубаметраў прыроднага газу (рост на 62,9% у параўнанні з паказчыкам студзеня-красавіка 2009 года) па сярэднім кошце $174 за 1 тыс. кубаметраў (на 12,1% менш).
Пратэрмінаваны доўг беларускага боку за газ назапашваецца з-за разлікаў на працягу 2010 года па сярэднегадавым кошце 2009 года, які складаў каля $150 за 1 тыс. кубаметраў.
«Газпрам» настойвае на неабходнасці разлікаў па кантрактным кошце, зыходзячы з паніжальнага каэфіцыента 0,9 да роўнадаходнага кошту. Ён асцерагаецца, што да канца года запазычанасць «Белтрансгаза» вырасце да $500-600 млн, калі беларускі бок працягне аплачваць газ па мінулагоднім кошце.