Newsweek: «Масква дзёргае Лукашэнку за вусы»
- 16.06.2010, 16:15
Барацьба супраць беларускага дыктатара не абмяжоўваецца вусным выпадамі. Масква цісне з усіх бакоў.
Як піша часопіс «Русский Newsweek», Масква ўступіла ў перадвыбарчую кампанію ў Беларусі. Дата выбараў прэзідэнта яшчэ не прызначаная, але і Масква і Менск ужо сур'ёзна да іх рыхтуюцца. У мінулую пятніцу Лукашэнка прыехаў у Маскву - сустракацца і з Дзмітрыем Мядзведзевым, і з Уладзімірам Пуціным. А тым часам расейскі амбасадар у Менску Аляксандр Сурыкаў даў разгорнутую прэс-канферэнцыю. Спачатку ён прыстрашыў, што, калі Лукашэнка не захоча падпісваць ці ратыфікаваць Мытны кодэкс, Расея і Казахстан сфарміруюць агульную мытную мяжу- «з усімі выцякаючымі наступствамі». Гэта значыць ўвядуць мытныя пасты на мяжы з Беларуссю, знішчыўшы расейска-беларускі двухбаковы мытны саюз, які існуе з 2004 года. Потым амбасадар абвінаваціў Беларусь у зрыве газавых дамоўленасцяў. І, нарэшце, стаў расхвальваць беларускую апазыцыю, сказаўшы, што актывістаў руху «Гавары праўду!» ён, на месцы Лукашэнкі, «прыгануў бы і прылашчыў».
«Такімі заявамі Лукашэнку «дзёргаюць за вусы», - кажа блізкая да Крамля крыніца Newsweek. - Масква любіць заляцацца да беларускай апазіцыі, і ён заўсёды ад гэтага шалее». Але барацьба супраць Лукашэнкі не абмяжоўваецца вусным выпадамі. Масква цісне з усіх бакоў - у першую чаргу падчас перамоваў наконт стварэння Мытнага саюза. Увосень мінулага года, падпісваючы пагадненне аб уступленні ў Мытны саюз з Расеяй і Казахстанам, Лукашэнка меркаваў, што гэта гарантуе яму льготы і грашовыя сродкі, якіх будзе дастаткова, каб правесці выбары. Але пакуль адбываецца наадварот. Расея адмаўляецца фінансаваць будучую перадвыбарчую кампанію Лукашэнкі і правакуе яго на новыя скандалы.
ГРОШЫ НА ВЫБАРЫ
21 траўня прэм'ер-міністры трох краінаў Мытнага саюза - Уладзімір Пуцін, Карым Масімаў і Сяргей Сідорскі - сабраліся ў Канстанцінаўскім палацы пад Пецярбургам, каб зняць усе спрэчныя пытанні з нагоды Мытнага кодэкса. Расея і Беларусь ніяк не маглі ўзгадніць мытныя пошліны на нафту і аўтамабілі. Перамовы зацягнуліся ледзь не за поўнач, і тады расейскі першы віцэ-прэм'ер Ігар Шувалаў упершыню ўслых выказаў тое, пра што думалі многія: калі Беларусь працягне ўпіраюцца, дык Расея і Казахстан створаць Мытны саюз ўдваіх. Праз тыдзень, 28 траўня, Сяргей Сідорскі проста не прыехаў на цырымонію падпісання дакументаў. Расея і Казахстан іх падпісалі.
Крыніца, блізкая да ўрада Беларусі, лічыць, што падпісанне сарвалася з-за выбараў, якія набліжаюцца: «І шалёныя тэмпы стварэння Мытнага саюза, і раптоўны зрыў падпісання дакументаў - усё гэта даволі далёка ад эканомікі. Гэта чыстая палітыка». Суразмоўца Newsweek сцвярджае: Лукашэнка проста не мог ўвесці загараджальныя пошліны на ўвоз іншамарак, тым больш перад выбарамі, - занадта хваравітая і непапулярная мера. Але яшчэ страшней для беларускай эканомікі - адмова Расеі адмяніць пошліны на нафту.
1 чэрвеня ў Менск адправіўся ідэйны натхняльнік Мытнага саюза Ігар Шувалаў. Сустрэўшыся з ім, Лукашэнка перадумаў і пагадзіўся падпісаць дакументы. «Ён, вядома, падпіша. Але і ў гэтай сітуацыі ён павінен выглядаць пераможцам, - лічыць беларускі палітолаг Леанід Заіка. - Ён павінен паказаць, што ён абаронца суверэнітэту і ён жа заступнік славянскага адзінства. Важна прадэманстраваць, што толькі ад яго подпісу ўсё залежыць і што і яго паважаюць».
Аднак, акрамя ўласнага іміджу, Лукашэнку вельмі патрэбныя грошы. Ён паабяцаў выбаршчыкам заробак $ 500 да канца года. А зараз набіраецца толькі на $ 340, адзначае Заіка. «Гэта як у Прастаквашына: каб нешта набыць, у дадзеным выпадку электарат, трэба спачатку нешта прадаць», - разважае палітолаг. Таму Лукашэнка прапанаваў Расеі кантрольны пакет акцыяў «Белтрансгазу» (зараз у «Газпрама» ужо ёсць 50%) за пастаўкі газу і нафты па унутрырасейскіх коштах. Яшчэ Лукашэнка прапанаваў прадаць Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод. А ў канцы мінулага тыдня парламент Беларусі прыняў рашэнне аб выключэнні «Беларуськалія» са спісу прадпрыемстваў, якія не падлягаюць прыватызацыі.
У мінулую пятніцу Ігар Сечын, не чакаючы, пакуль Лукашэнка сустрэнецца з Уладзімірам Пуціным і Дзмітрыем Мядзведзевым, заявіў, што Расеі не патрэбныя беларускія прадпрыемствы і дараваць даўгі яна не мае намеру, таму вырашыць праблемы можна «толькі аплатай». Гэта значыць, што саступкі Лукашэнкі прызнаныя недастатковымі і ціск будзе працягвацца.
ДРОБНЫЯ ПАКАСЦІ
Самая сур'ёзная праблема Лукашэнкі заключаецца ў тым, што ў яго вельмі шмат ворагаў у Маскве. Пра яго ўзаемную нянавісць з памочнікам прэзідэнта Расеі Сяргеем Прыходзькам ходзяць легенды. Яго не мілуе віцэ-прэм'ер Ігар Сечын. Беларускі кіраўнік неаднаразова дазваляў сабе асабістыя абразлівыя выбрыкі ў адрас міністра фінансаў Аляксея Кудрына і нават самога прэм'ера Пуціна.
Зрэшты, ён лічыць, што заўсёды зможа знайсці такіх суразмоўцаў, якія стануць на яго бок. Таму, заўважае крыніца, блізкая да адміністрацыі расейскага прэзідэнта, Лукашэнка заўсёды падкрэслена ветлівы і прыязны з Дзмітрыем Мядзведзевым. Больш за тое, ён спрабуе згуляць на супярэчнасцях у расейскім тандэме. Распавядаюць, што ў мінулым годзе, калі прэзідэнты наведвалі сумесныя ваенныя вучэнні «Захад-2009», Лукашэнка пры вялікай колькасці сведак раптам пачаў тлумачыць Дзмітрыю Мядзведзеву, што ўсе важныя справы павінны вырашаць яны, прэзідэнты. А звяртаць увагу на прэм'ераў не патрэбна - маўляў, прэм'ер, сёння ёсць, а заўтра ўжо можа быць звольнены.
У Крамлі, вядома, не маюць ілюзіяў, што Лукашэнку атрымаецца змясціць. Ідэальным сцэнаром, разважае крыніца Newsweek, быў бы «шайміеўскі сцэнар» - каб ён сам пагадзіўся адысці ў бок, прызначыўшы сабе пераемніка. Аднак Лукашэнка не стане нават абмяркоўваць такую прапанову. Разумеючы, што яго перамога на чарговых выбарах амаль непазбежная, Масква не адмовіць сабе ў задавальненні падтрымаць беларускую апазіцыю - проста каб пазлаваць яго.
Яшчэ адзін новы метад працы Крамля - гэта сумленнае асвятленне сітуацыі ў суседніх рэспубліках на расейскім тэлебачанні. Гэты прыём ужо быў адпрацаваны на Кыргызстане - серыя выкрывальніцкіх рэпартажаў пра сям'ю Курманбека Бакіева на расейскіх тэлеканалах атрымала неверагодны эфект. У лічаныя дні па ўсёй рэспубліцы распачаліся стыхійныя антыўрадавыя выступы, а чыноўнікі, якія ўлавілі сігнал з Масквы, не супраціўляліся. «Часцяком яны проста аддавалі паўстанцам ключы ад будынкаў адміністрацыі і сыходзілі дадому - усім было зразумела, што Масква ўжо не будзе выратоўваў Бакіева», - узгадвае высокапастаўлены кіргізскі чыноўнік.
З Беларуссю такога эфекту не дамагчыся, але Масква, вядома, будзе даваць трыбуну беларускай апазіцыі. Гэта добры рычаг ціску.
Фінансавыя цяжкасці ў Беларусі нарастаюць, таму Лукашэнка і нервуецца. Зрэшты, сярод расейскіх чыноўнікаў існуе кансенсус - лепш не надта прыспешваць падзеі, каб не пашкодзіць. Беларускі кіраўнік добра ўмее тлумачыць грамадзянам, што ўсе іх эканамічныя цяжкасці - з-за злой волі Масквы. Нядаўна, да прыкладу, ён казаў, што скарачае чарнобыльскія выплаты, таму што Расея не хоча даваць чарнобыльцам грошай.
Дырэктары прадпрыемстваў сёння вымушаныя працаваць сабе на шкоду, толькі б выканаць план па заробках, распавядае палітолаг Заіка. Прыкладна 70% заробкаў выплачваюцца за кошт банкаўскіх крэдытаў. Рана ці позна гэтая бурбалка можа лопнуць, але Лукашэнку гэта не турбуе, кажа Заіка: «Хто ведае, дзе ён апынецца ў той момант. Можа, на якім-небудзь ранча ў Венесуэле?»