BE RU EN

Урад падрыхтаваў для калгасаў пернік і пугу

  • 2.06.2010, 9:01

Савет міністраў Беларусі зацвердзіў новае палажэнне аб парадку і ўмовах заключэння кантрактаў з кіраўнікамі сельскагаспадарчых вытворчых кааператываў (калгасаў).

Прынцыпова ўмовы працы старшыняў калгасаў (цяпер СВК) не змяняліся ў Беларусі з 1999 года. Цяперашняе палажэнне аб ўмовах і парадку было прынятае, з аднаго боку, каб даць старшыням дадатковы стымул для выніковай працы і падрыхтаваць пугу для тых, хто любіць займацца прыпіскамі і не сваечасова выплачваць працаўнікам зарплату. На неабходнасць больш жорстка патрабаваць з тых кіраўнікоў СВК, якія затрымліваюць сельскім працаўнікам зарплату, прэзідэнт казаў неаднаразова, але ў Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання заўсёды быў апраўдальны аргумент у выглядзе аб'ектыўных умоваў. Але вось, нарэшце, урад жорстка абгаварыў новыя ўмовы працы кіраўнікоў СВК, знайшоўшы для іх і пернік, і пугу, піша «Штодзённік».

Так, у новым палажэнні абумоўлена, што кантракт са старшынём калгасу пасля яго абрання на пасаду агульным сходам (сходам упаўнаважаных) чальцоў калгаса ці іншым упаўнаважаным на тое органам кіравання заключаецца старшынём раённага выканаўчага камітэта на тры гады, калі іншы тэрмін не вызначаны статутам калгаса. Пры гэтым кожныя тры гады кіраўнік СВК будзе праходзіць абавязковую атэстацыю.

Сярод добрых навінаў варта адзначыць, што выканкамам дазволена прымаць дадатковыя меры стымулявання працы старшыняў калгасаў. Самым значным стымулам можа стаць падвышэнне службовага акладу да 50 адсоткаў і нават больш, калі гэта прадугледжана заканадаўствам. Але пугаў усё ж больш.

Цяпер кантракт з кіраўніком СВК можа быць скасаваны не толькі за стандартныя парушэнні, такія як: парушэнне правілаў аховы працы і тэхнікі бяспекі, якое пацягнула калецтва ці смерць іншага працаўніка, распіццё спіртных напояў, ужыванне наркатычных ці таксічных сродкаў у працоўны час ці па месцы працы і г.д. Старшыня калгасу можа быць звольнены і за тое, што не забяспечыў належную працоўную дысцыпліну падначаленых ці схаваў такія факты.

Нагодай для датэрміновага скасавання кантракту можа стаць таксама «парушэнне без паважлівых прычынаў парадку і тэрмінаў выплаты зарабатнай платы і (ці) дапамогаў». Старшыня калгасу можа быць звольнены, нават калі два і больш разы не адказаў на нейкі зварот грамадзянаў, а яшчэ хутчэй – калі падаў ва ўпаўнаважаныя органы няпоўныя ці недакладныя звесткі аб дзейнасці СВК. З прыпіскамі зараз райвыканкамы маюць намер змагацца самым жорсткім спосабам.

Само сабой, сваім крэслам кіраўнікі сельгаспрадпрыемстваў будуць адказваць у выпадках, калі не прымуць вычарпальныя меры для своечасовага паступлення выручкі па экспартных кантрактах ці аплачанага тавара па імпартных і бартарных кантрактах. Аналагічна да іх будуць прынятыя меры, калі яны дрэнна адрэагуюць на прадпісанні кантралюючых органаў. Пры гэтым кампенсацыя звольненаму старшыні калгаса будзе выплачвацца толькі пры ўмове, што ён быў звольнены ў сувязі з невыкананнем ці неналежным выкананнем яго ўмоваў па віне наймальніка, гэта значыць старшыні райвыканкама, што само па сабе малаверагодна.

Новыя ўмовы працы кіраўнікоў СВК пачнуць дзейнічаць з 20 ліпеня 2010 года, да гэтага часу райвыканкамы павінны заключыць з дзеючымі старшынямі калгасаў новыя кантракты.

Апошнія навіны