BE RU EN

«Газпрам»: Пакуль Беларусь не заплаціць, гаварыць няма пра што

  • 21.06.2010, 15:14

«Газпрам» працягвае кансультацыі з беларускімі калегамі, але іх сэнс не мяняе патрабаванняў расейскай кампаніі па пагашэнні доўгу.

Афіцыйны прадстаўнік «Газпрама» Сяргей Купрыянаў паведаміў журналістам: «Дэлегацыя беларускага боку, у тым ліку генеральны дырэктар «Белтрансгаза» Уладзімір Уладзіміравіч Маёраў, знаходзіцца ў «Газпраме», па тэлефоне працягваюцца кантакты і з урадам Беларусі. Але гэта менавіта «кантакты», паколькі прадмета для «перамоваў» няма, бо пытанне толькі адно - пагашэнне доўгу», паведамляе «Інтэрфакс».

У той жа час транзіт газу ў Еўропу павінен рабіцца ў поўным аб'ёме, для гэтага ёсць усе магчымасці, заявіў Купрыянаў.

«Транзіт газу ў Еўропу павінен рабіцца ў поўным аб'ёме, для гэтага ёсць усе магчымасці. У прыватнасці, магістральны газаправод «Ямал-Еўропа», які знаходзіцца ва ўласнасці «Газпрама» і праходзіць, у тым ліку, па тэрыторыі Беларусі», - заявіў ён.

Міністэрства энергетыкі РФ стварыла аператыўны штаб для маніторынгу сітуацыі, звязанай з магчымым абмежаваннем транзіту расейскага газу ў Еўропу праз тэрыторыі трэціх краінаў, кажацца ў паведамленні ведамства.

Кіраўніком аператыўнага штаба прызначаны намеснік міністра энергетыкі Сяргей Кудрашоў.

У прэс-службе Мінэнерга ўдакладнілі, што ў штаб ўвойдуць прадстаўнікі міністэрства. Асноўнай задачай штаба стане маніторынг і інфармаванне пра сітуацыю, якая складваецца з транзітам расейскага газу для падрыхтоўкі мераў аператыўнага рэагавання на яе змяненне.

Кіраўнік «Газпрама» Аляксей Мілер раней заявіў, што з 9.00 21 чэрвеня Расея ўвяла рэжым абмежавання паставак газу ў Беларусь на 15% з далейшым паэтапным павелічэннем гэтага аб'ёму да 85%.

Абмежаванні ўводзяцца ў сувязі з наяўнасцю запазычанасці Менска за пастаўкі расейскага газу ў суме $ 192 млн.

Беларусь у аднабаковым парадку ў 2010 годзе плаціць за газ па кошце 2009 года - $ 150 за 1 тыс. кубаметраў, у той час як па кантракце фактычны сярэдні кошт ў студзені-красавіку склаў $ 174 за 1 тыс. кубаметраў. «Газпрам» асцерагаецца, што з-за сітуацыі, якая склалася, доўг Беларусі за газ да канца года можа дасягнуць $ 500-600 млн.

Апошнія навіны