BE RU EN

Камароўскі і Качыньскі сустрэнуцца 4 ліпеня ў другім туры выбараў

  • 22.06.2010, 8:57

Разрыў паміж галоўнымі фаварытамі прэзідэнцкіх выбараў у Польшчы складае крыху больш за 5%.

Cпікер Сейма Польшчы, кандыдат у прэзідэнты Польшчы ад кіруючай партыі «Грамадзянская платформа» Браніслаў Камароўскі і лідэр партыі «Права і справядлівасць» Яраслаў Качыньскі сустрэнуцца ў другім туры выбараў кіраўніка дзяржавы 4 ліпеня.

Дзяржаўная выбарчая камісія (ДВК) Польшчы апублікавала афіцыйныя канчатковыя вынікі першага тура выбараў. Разрыў паміж галоўнымі фаварытамі прэзідэнцкіх выбараў у Польшчы Браніславам Камароўскім і Яраславам Качыньскім па выніках апрацоўкі 100% бюлетэняў складае крыху больш за 5%, паведаміў журналістам старшыня Дзяржаўнай выбарчай камісіі Польшчы (ДВК) Стэфан Яворскі, паведамляе РІА «Новости».

Паводле яго словаў, за Камароўскага прагаласавалі 41,54% выбаршчыкаў, за Яраслава Качыньскага - 36,46%.

На трэцім месцы ідзе самы малады кандыдат у прэзідэнты Польшчы - 36-гадовы лідэр Саюза дэмакратычных левых сілаў Гжегаж Наперальскі з 13,68% галасоў.

Астатнія кандыдаты ў прэзідэнты Польшчы набралі менш за 3% галасоў.

Яўка ў першым туры выбараў склала 54,94%, паведаміў кіраўнік ДВК Польшчы.

Дзясятага красавіка ў авіякатастрофе пад Смаленскам загінуў прэзідэнт Польшчы Лех Качыньскі, пасля чаго, у адпаведнасці з канстытуцыяй, паўнамоцтвы кіраўніка дзяржавы аўтаматычна перайшлі да спікера ніжняй палаты парламента Браніслава Камароўскага. Паводле дзейючага заканадаўства, Камароўскі прызначыў дату правядзення датэрміновых выбараў на 20 чэрвеня.

Апошнія навіны