Беларусь пагражае адборам газу з экспартнай трубы
- 22.06.2010, 10:39
Беларусь пагражае распачаць адабранне газу з транзітнага трубаправода для сваіх патрэбаў, сцвярджаюць у «Газпраме».
Пра гэта, у прыватнасці, паведаміў афіцыйны прадстаўнік «Газпрама» Сяргей Купрыянаў на прэс-канферэнцыі ў Маскве 22 чэрвеня.
«Мы атрымалі ліст ад першага віцэ-прэм'ера Беларусі Сямашкі, у якім ніякіх прадметных прапановаў аб пагашэнні доўгу няма. І там утрымліваецца пагроза, што ў выпадку далейшага зніжэння паставак газу беларускі бок распачне дзеянні па адабранні з транзітнай трубы для патрэбаў народнай гаспадаркі Беларусі», — цытуе Купрыянава БелаПАН.
У сваю чаргу намеснік старшыні «Газпрама» Аляксандр Мядзведзеў запэўніў: кампанія зробіць усе, каб еўрапейскія спажыўцы не пацярпелі ў выпадку адбору Белруссю транзітнага газу.
«Газпрам» у аўторак давёў абмежаванні ў пастаўках газу Беларусі за даўгі да 30% ад плану, паведаміў кіраўнік газавага холдынгу Аляксей Мілер.
«За мінулыя суткі Беларусь не зрабіла ніякіх дзеянняў для пагашэння запазычанасці за пастаўкі расейскага газу, і з 10 гадзінаў раніцы 22 чэрвеня ўводзіцца абмежаванне на планавыя аб'ёмы паставак у Рэспубліку Беларусь на 30%», - сказаў Мілер на нарадзе аператыўнага штаба па сітуацыі з пастаўкамі газу ў Беларусь.