Лукашэнка загадаў перакрыць транзіт газу праз Беларусь
- 22.06.2010, 13:24
Беларускі кіраўнік патрабуе, каб «Газпрам» разлічыўся за транзіт расейскага газу па тэрыторыі Беларусі.
Аляксандр Лукашэнка заявіў пра сваё даручэнне ўраду Беларусі перакрыць транзіт расейскага газу праз тэрыторыю Беларусі да таго часу, пакуль ААТ «Газпрам» не пагасіць доўг у $260 мільёнаў, які ўтварыўся за транзіт праз тэрыторыю Беларусі.
«Газпрам павінен $260 мільёнаў, з улікам траўня, за транзіт. Я загадаў ураду перакрыць транзіт газу праз Беларусь, пакуль не заплаціць «Газпрам». Яны нам за паўгады ні капейкі не заплацілі», - сказаў Лукашэнка ў аўторак у Менску падчас сустрэчы з міністрам замежных справаў Расеі Сяргеем Лаўровым, перадае «Інтэрфакс».
«Да якога цынізму і абсурду можна дайсці, калі ты павінен мне $260 млн., я табе - $190 млн., і ты пачынаеш мне за гэта закручваць вентыль», - сказаў кіраўнік.
Ён падкрэсліў, што праблема не ў тым, што Беларусь не выконвае кантракт. «Гэта яны не выконваюць кантракт. Мы маўчалі, мы пра гэта не казалі, яны там мямлілі вуснамі прэс-сакратара, што мы штосьці не падпісваем і гэтак далей», - сказаў Лукашэнка.
«Хачу публічна вас паінфармаваць пра той канфлікт, які перарастае ў газавую вайну паміж «Газпрамам» і Беларуссю. Кажуць, што гэта спрэчка гаспадарчых суб'ектаў, але я не разумею, як тады такая спрэчка можа перарасці на ўзровень вышэйшага палітычнага кіраўніцтва краіны. Гэта ўжо не спрэчка гаспадарчых суб'ектаў. Выбачайце, калі нас пачынаюць зневажаць ці то катлетамі, ці то каўбасой, маслам і блінамі, — мы гэта ўспрымаем як абразу беларускага народа. Так не да твару паводзіць сябе прэзідэнту, у тым ліку суседняй саюзнай дзяржавы», — сказаў ён.
Кіраўнік падкрэсліў, што падобнага цынізму ад кіраўніцтва Расеі Беларусь не чакала.
Ён падкрэсліў, што Беларусь «спрабавала дамовіцца з расейскімі партнёрамі, у тым ліку і на найвышэйшым узроўні» пра захаванне ўмоваў аплаты. «На 1 траўня мы не дамовіліся», - сказаў Лукашэнка. Ён дадаў, што плацёж за пастаўку газу ў траўні Беларусь зрабіла ў поўным аб'ёме, гэта значыць з улікам таго падвышэння кошту на газ, як таго патрабаваў «Газпрам».
Кіраўнік заявіў, што краіна сабрала неабходную суму для пагашэння свайго доўгу перад «Газпрамам». «Я пазычыў сёння гэтыя грошы ў сваіх сяброў, і мы ў хуткім часе гэтыя грошы аддамо», - сказаў ён. Тым часам, ён падкрэсліў, што «чужыя людзі далі нам гэтыя грошы на працягу аднаго дня, а Расея пачакаць не можа». Лукашэнка нагадаў, што Беларусь прапанавала расейскаму боку пагасіць запазычанасць на пастаўлены газ на працягу двух тыдняў, але гэтая прапанова не знайшла падтрымку.
Лукашэнка патлумачыў, што ў краіны «няма вольных грошай» для пагашэння доўгу. «Мы не можам узяць гэтыя грошы з золатавалютных рэзерваў, нам трэба падтрымліваць курс. Не можам узяць з бюджэту, там таксама грошы распісаныя», - сказаў ён.
У аўторак «Газпрам» давёў абмежаванні ў пастаўках газу Беларусі за даўгі да 30% ад плану з 15% у панядзелак. У далейшым гэтыя абмежаванні плануецца давесці да ўзроўня, які адпавядае запазычанасці, гэта значыць да 85%.
Адзначым, што афіцыйны прадстаўнік «Газпрама» Сяргей Купрыянаў пацвердзіў наяўнасць запазычанасці канцэрна перад Беларуссю за транзіт газу па яе тэрыторыі. Аднак доўг узнік з-за таго, што беларускі бок не падпісвае адпаведныя дакументы па аказанні паслугаў, і таму «Газпрам» не можа іх аплаціць.
Шантаж Мытным саюзам
Лукашэнка прагназуе магчымасць спрэчак паміж Казахстанам і Расеяй па пытанні доступу да трубаправоднай сістэмы ў Мытным саюзе «тройкі».
«Мы ратыфікуем без праблемаў. Але ж там, у будучых дакументах, пачнецца спрэчка паміж казахамі і расейцамі па доступе да трубы - газавай, нафтавай. Казахі будуць патрабаваць раўнапраўны доступ. Я ўпэўнены, будзе праблема, і яны так хутка не дамовяцца, не змогуць ратыфікаваць гэтыя дакументы», - заявіў Лукашэнка.
Кіраўнік нагадаў пра супярэчнасці Беларусі і Расеі ў нафтавай сферы, якія маюць месца ў цяперашні час.
Лукашэнка нагадаў, што Расея ўвяла спагнанне ўвазных пошлінаў пры пастаўках нафты ў Беларусь і стварыла няроўныя ўмовы ў гэтай галіне ў параўнанні з трэцім удзельнікам Мытнага саюза - Казахстанам. «Мы будуем Мытны саюз, вырашылі ўвесці пошліну на нафту для ўсіх чальцоў Мытнага саюза - гэта ў нейкай ступені было зразумела. Але нам уводзяць мытную пошліну, прадаючы нафту ў два разы даражэй, чым Казахстану. Я пытаўся ў Мядзведзева, навошта вы ім аддаяцё нафту за паўкошту, яны і без таго здабываюць 90 млн тон нафты, а спажываюць толькі 11?», - сказаў Лукашэнка. «Чаму такое стаўленне ў Мытным саюзе да аднаго партнёра, а да другога - іншае?» - задаў рытарычнае пытанне ён.
Ён нагадаў пра пазіцыю Беларусі па зняцці ўсіх абмежаванняў у руху тавараў у Мытным саюзе. «Ніякіх не павінна быць адыходаў - вось чысты Мытны саюз, свабодная прастора», - сказаў Лукашэнка, падкрэсліўшы неабходнасць зняцця ўсіх мытных пошлінаў пры пастаўках тавараў.
Ён таксама нагадаў пра сваю прапанову ў якасці першага кроку адмяніць спагнанне мытных пошлінаў з 1 ліпеня пры пастаўках у Беларусь з Расеі нафтапрадуктаў.
Лукашэнка дадаў, што наступным крокам магла б стаць адмена спагнання пошлінаў на нафту, якая пастаўляецца ў Беларусь, пасля ратыфікацыі рэспублікай Мытнага кодэкса.
Ён заўважыў, што расейскі бок не згодны з такой прапановай.
У гэтай сувязі Лукашэнка заявіў, што «незразумелыя паводзіны кіраўніцтва Расеі». «Гэта выглядае дзіўна, ідзе нейкі незразумелы ціск», - сказаў ён.