Еўропа не павінна стаць закладнікам газавай спрэчкі РФ і Беларусі
- 23.06.2010, 13:23
«Мы патрабуем ад абодвух бакоў добрасумленна супрацоўнічаць, каб вырашыць праблему» - заявіў Еўракамісар па энергетыцы Гюнтэр Отынгер.
Еўракамісар па энергетыцы Гюнтэр Отынгер папярэдзіў, што Еўропа «не павінна стаць закладнікам» газавага канфлікту паміж Расеяй і Беларуссю, паведамляе ў сераду РІА «Новости» са спасылкай на агенцтва Франс Прэс.
«Газпрам» з-за даўгоў беларускага боку з панядзелка пачаў уводзіць абмежаванні ў пастаўках газу Беларусі. У аўторак, калі пастаўкі былі скарочаныя ўжо на 30%, прэзідэнт рэспублікі Аляксандр Лукашэнка абвясціў, што даручыў спыніць транзіт газу з РФ у Еўропу.
«Мы патрабуем ад абодвух бакоў добрасумленна супрацоўнічаць, каб вырашыць праблему. Еўракамісія чакае, што газавыя плыні з Расеі ў Еўразвяз у накірунку кожнай з зацікаўленых дзяржаваў не пацерпяць і кантрактныя абавязальнітвы будуць выкананыя», - заявіў еўракамісар ў ноч на сераду ў тэлефоннай размове з расейскім міністрам энергетыкі Сяргеем Шматко і беларускім віцэ-прэм'ерам Уладзімірам Сямашкам.
Беларусь з пачатку 2010 года плаціла Расеі за газ не па кантракце, а па ўсталяваным ёю ў аднабаковым парадку кошце - 150 даляраў за тысячу кубаметраў, у выніку чаго сфармаваўся доўг за пастаўкі.
У сераду «Газпрам» давёў абмежаванні паставак газу Беларусі за даўгі да 60% ад планавых аб'ёмаў, скараціўшы пастаўкі яшчэ на 30%. Пры гэтым кіраўнік расейскага газавага холдынгу Аляксей Мілер паведаміў, што транзіт газу праз тэрыторыю рэспублікі еўрапейскім спажыўцам ажыццяўляецца ў поўным аб'ёме і спажыўцы расейскага газу не адчуваюць з яго пастаўкамі ніякіх праблемаў.