BE RU EN

Беларускія чыноўнікі лічаць, што ім не даплацілі

  • 25.06.2010, 8:59

Уладам не спадабалася сума, якую «Газпрам» заплаціў за транзіт расейскага газу.

«Белтрансгаз» настойвае на тым, што стаўка за транзіт газу зараз складае 1,88 даляра за 1 тысячу кубаметраў на 100 кіламетраў, паведаміў кіраўнік кампаніі Уладзімір Маёраў, паведамляе РІА «Новости».

«Газпрам» заплаціў доўг за транзіт газу, зыходзячы са стаўкі 1,45 даляра за тысячу кубаметраў газу на 100 кіламетраў. Гэтая стаўка дзейнічала ў 2008 годзе», - сказаў кіраўнік «Белтрансгаза» на брыфінгу ў чацвер.

Паводле яго словаў, да кастрычніка 2009 года дзейнічала стаўка транзіту 1,74 даляра за тысячу кубаметраў газу на 100 кіламетраў. «У цяперашні час дзейнічае стаўка 1,88 даляра за тысячу кубаметраў газу на 100 кіламетраў, таму што гэта адзначана ў пратаколе бакоў», - заявіў Маёраў.

Беларусь атрымала ў чацвер плацёж «Газпрама» за транзіт газу ў памеры 228 мільёнаў даляраў. Пры гэтым афіцыйны прадстаўнік расейскага холдынгу Сяргей Купрыянаў заявіў, што плацёж зроблены ў адпаведнасці з дзеючым кантрактам, які прадугледжвае стаўку транзіту ў 1,45 даляра. Зыходзячы са стаўкі, якую патрабавала Беларусь, плацёж склаў бы 260 мільёнаў даляраў.

У чацвер жа Купрыянаў распавёў, што «Газпрам» накіраваў Беларусі дакументы, падпісанне якіх дазволіць падвысіць стаўку за транзіт расейскага газу пры ўмове падвышэння Менскам ўнутраных аптовых коштаў, па якіх прадае паліва «Белтрансгаз», які на 50% належыць «Газпраму». Гаворка ідзе пра спецыяльны дадатак да кантракту.

«Газпрам» прапануе актуалізаваць абумоўленыя раней бакамі ўмовы ўнутраных продажаў газу, паводле якіх у 2009 годзе аптовая надбаўка «Белтрансгаза» павінна была складаць 10,47 даляра за тысячу кубаметраў, у 2010 годзе - 11,07 даляра.

Кіраўнік «Белтрансгаза», са свайго боку, паведаміў, што беларускі бок вядзе актыўны перамоўны працэс.

«Мы разлічваем ў працэсе перамоваў урэгуляваць гэтае пытанне (аб велічыні транзітнай стаўкі). Беларускі бок разлічвае на максімальна аператыўнае сканчэнне перамоваў», - сказаў Маёраў.

У чацвер у 10.00 мск «Газпром» цалкам аднавіў пастаўкі газу Беларусі пасля пагашэння ёю запазычанасці. У перыяд дзеяння абмежаванняў, паводле дадзеных расейскага боку, Беларусь несанкцыянавана адбірала транзітны газ, з-за чаго аб'ёмы яго паставак у Еўропу скараціліся на 20%. Кіраўнік «Газпрама» Аляксей Мілер паведаміў, што спажыўцы недаатрымлівалі расейскі газ у сераду і ў чацвер раніцай да таго, як расейскі холдынг зняў абмежаванні на пастаўкі Беларусі.

Першы віцэ-прэм'ер Беларусі Уладзімір Сямашка паведамляў, што яго краіне спатрэбіцца 8-10 гадзінаў для таго, каб аднавіць транзітныя пастаўкі расейскага газу ў Еўропу ў поўным аб'ёме.

Апошнія навіны