«Газпрам» збіраецца падпісаць новы кантракт з Беларуссю на сваіх умовах
- 25.06.2010, 16:12
ААТ «Газпрам» адзначае прагрэс у перамовах з Беларуссю па распрацоўцы дадатку да кантракту на 2010 год, які можа быць падпісаны ў бліжэйшы час.
Пра гэта заявіў кіраўнік газавага канцэрну Аляксей Мілер на прэс-канферэнцыі ў пятніцу па выніках гадавога сходу акцыянераў, перадае РІА «Новости» .
«У цяперашні час мы знаходзімся ў дыялогу, у кантакце з беларускімі калегамі, канструктыўна ідзе дыялог, і ўсе прынцыповыя пытанні гэтага дадатку вырашаныя», - сказаў Мілер.
Паводле яго словаў, пасля поўнага аднаўлення транзіту і паставак, у чацвер позна ўвечары кіраўніцтва холдынгу працягнула перамовы па тэлефоне з кіраўніцтвам «Белтрансгаза» і першым віцэ-прэм'ерам урада рэспублікі, паведаміў кіраўнік «Газпрама».
«Ёсць прагрэс, няма прынцыповых разыходжанняў. Мы спадзяемся, што дадатак будзе падпісаны ў самы бліжэйшы час», - сказаў Мілер.
«Газпрам» накіраваў Беларусі дакументы, падпісанне якіх дазволіць падвысіць стаўку за транзіт расейскага газу пры ўмове павышэння Менскам ўнутраных аптовых коштаў, па якіх прадае паліва «Белтрансгаз», што на 50% належыць «Газпраму». Гаворка ідзе пра спецыяльны дадатак да кантракту.
«Газпрам» прапануе актуалізаваць абумоўленыя раней бакамі ўмовы ўнутраных продажаў газу, паводле якіх у 2009 годзе аптовая надбаўка «Белтрансгазу» павінна была складаць 10,47 даляра за тысячу кубаметраў, у 2010 годзе - 11,07 даляра.