BE RU EN

Лукашэнка паскардзіўся на Пуціна і Мядзведзева ў газету «Праўда»

  • 29.06.2010, 15:25

Беларускі дыктатар напісаў ліст на імя рэдактара расейскай газеты «Праўда» Барыса Камоцкага.

Аляксандр Лукашэнка палічыў неабходным праінфармаваць выданне «аб рэальнай сітуацыі, якая склалася па так званым газавым канфлікце» паміж Беларуссю і Расеяй. У лісце падрабязна выкладаецца прадгісторыя канфлікта і пазіцыя беларускага боку, перадае БелаПАН.

«Адразу хачу падкрэсліць, што перамоўны працэс з-за віны расейскага боку фактычна апынуўся сарваны, - адзначае Лукашэнка. - Хоць мы ўвесь час займалі гнуткую канструктыўную пазіцыю, прапаноўвалі розныя варыянты ўзаемавыгаднага вырашэння пытання, былі гатовыя да прымальных кампрамісаў. Беларускія ініцыятывы ігнаравалася, а нашых прадстаўнікоў, уключаючы чальцоў урада высокага ўзроўню, змушалі гадзінамі сядзець у газпрамаўскіх прыёмных».

«Аказваецца, што, на словах разважаючы аб недапушчальнасці перагляду ўрокаў гісторыі, расейскае кіраўніцтва на самой справе святасць брацкіх кайданоў ацэньвае ў кубаметрах газу і барэлях нафты», - падкрэсліваецца ў лісце.

«Мы абсалютна несупраць прагматычнасці ў эканамічным супрацоўніцтве, - працягвае Лукашэнка. - Але яна павінна ў роўнай ступені тычыцца абодвух бакоў, улічваць увесь спектр двухбаковых узаемаадносін і адпавядаць духу інтэграцыйных працэсаў, якія ажыццяўляюцца. І, вядома, грунтавацца на няўхільным выкананні ўсімі бакамі прынятых абавязацельстваў, без выняткаў, абмежаванняў і адвольнага тлумачэння».

«Давайце будзем шчырымі: няўжо за дзеяннямі «Газпрама» ва ўсёй гэтай гісторыі ляжыць толькі грашовы інтарэс? Хіба пара соцень мільёнаў даляраў можа быць вырашальнай для фінансавага становішча адной з найбуйнейшых транснацыянальных карпарацый? Перакананы, што для ўсіх адказ вядомы», - піша беларускі кіраўнік.

Падаплёка канфлікту, на думку Лукашэнкі, абсалютна ў іншым: «Ён толькі частка той несяброўскай палітыкі, якая на працягу апошніх гадоў планамерна праводзіцца ў дачыненні да Беларусі. Дастаткова ўзгадаць нядаўнія «малочныя», «мясныя», «цукровыя», «нафтавыя» і іншыя войны. Я ўжо не кажу пра тую мэтанакіраваную, якая праводзіцца большасцю расійскіх СМІ, лінію, якая набыла характар сапраўднай інфармацыйнай агрэсіі».

Аўтар ліста лічыць, што мэта відавочная: «ўпарадкаваць» кіраўніцтва Беларусі, прымусіць пайсці на саступкі на шкоду нацыянальным інтарэсам суверэннай дзяржавы, займець смачныя кавалкі беларускай уласнасці.

«Мы, у Беларусі, усё гэта бачым і ацэньваем адпаведным чынам. Як вынік, сярод нашых грамадзян, на жаль, становіцца ўсё менш прыхільнікаў глыбокай інтэграцыі з Расеяй. Беларусы пачынаюць ставіцца да самай блізкай для нас краіны - Расеі - з насцярогай, чакаючы ад яе самых непрадказальных удараў», - сцвярджае Лукашэнка.

Тэкст адкрытага ліста апублікаваны ў «Праўдзе», якая пасля распаду СССР з'яўляецца друкаваным органам Камуністычнай партыі Расеі, 28 чэрвеня.

Апошнія навіны