Пасля 1 ліпеня ў Беларусі не застанецца бясплатнага Wi-Fi?
- 3.06.2010, 8:41
Марк Бернштэйн, індывідуальны прадпрымальнік у IT-бізнэсе лічыць, што пасля 1 ліпеня ў Беларусі можна будзе забыцца пра бясплатны бесправадны доступ у Інтэрнэт.
Сваімі развагамі аб наступствах ўступлення ў сілу ўказа Лукашэнкі № 60 ад 1 лютага 2010 года «Аб мерах па ўдасканаленні выкарыстання нацыянальнага сегменту сеткі інтэрнэт» бізнэсмэн падзяліўся 2 чэрвеня ў Менску з ўдзельнікамі круглага стала «Бізнэс і права». Мерапрыемства было арганізаванае Асацыяцыяй малога і сярэдняга прадпрымальніцтва.
Бернштэйн лічыць, што ўладальнікі ўстановаў, для кліентаў якіх паслуга Wi-Fi падаецца бясплатна, наўрад ці пойдуць на тое, каб фіксаваць у журнале іх дадзеныя, час уваходу ў інтэрнэт і выхаду з яго, рабіць іншыя дзеянні, прадугледжаныя ўказам, перадае БелаПАН.
Гэта, па словах спецыяліста, можа адбіцца на «зорнасці» беларускіх гатэляў, абавязаных мець бясплатную паслугу бесправоднага доступу ў інтэрнэт. У выніку становяцца відавочнымі праблемы для гатэльнага і турыстычнага бізнэсу, сказаў Марк Бернштэйн.
«Дзякуючы» указу, па словах Марка Бернштэйна, беларускім прадпрыемствам, якія прапаноўваюць розныя тавары, прыйдзецца пераносіць свае інтэрнэт-пляцоўкі на беларускі хостынг, калі яны былі ў іх за мяжой. «А гэта не толькі старонкі, але і праграмныя комплексы, якія працуюць зараз на магутнасцях у Еўропе і ЗША», — канстатаваў бізнэсмэн. Акрамя таго, рэкламавацца магчыма будзе толькі ў беларускім сегменце сеткі, што створыць праблемы для экспарцёраў, мяркуе Марк Бернштэйн.