Амбасадар Кыргызстана: Не люблю хлусіць - знаходжанне Бакіева наклала адбітак
- 3.06.2010, 13:23
Амбасадар Кыргызстана ў Беларусі заявіла, што знаходжанне Курманбека Бакіева ў Беларусі наклала адбітак на беларуска-кіргізскія адносіны.
«На жаль, прыбыццё Курманбека Бакіева, я не люблю хлусіць, наклала адбітак», - сказала Ішэнкуль Балджурава, перадае «Інтэрфакс».
Пры гэтым дыпламат лічыць, што экстрадыцыя Курманбека Бакіева ў Кыргызстан з'яўляецца правам, а не абавязкам Беларусі.
«Мне здаецца, што экстрадыцыя гэта не столькі абавязак, колькі права дзяржавы», - заявіла амбасадар.
Балджурава апелявала да прыкладаў экстрадыцыі ў міжнароднай практыцы.
Дыпламат нагадала, што ў пачатку 20-х дзён траўня ў пракуратуру Беларусі паступіў пакет, які тычыцца выдачы Бакіева. «Права Беларусі - на працягу аднаго месяца разглядаць гэтыя дакументы. Магчыма, спатрэбяцца дадатковыя дакументы», - сказала яна.
Балджурава падкрэсліла, што не перадавала дакументы аб выдачы ў Беларусь і знаходзілася ў гэты час у Бішкеку, дзе, па яе словах, «праводзіла працу па паляпшэнні беларуска-кіргізскіх адносінаў». Амбасадар падкрэсліла, што ў адпаведнасці з міжнародным правам пракуратура можа непасрэдна звяртацца ў пракуратуру іншых краін і перадаваць неабходныя дакументы.
Балджурава таксама паведаміла, што не валодае інфармацыяй аб заяўцы Кіргізіі ў Інтэрпол адносна вышуку Бакіева. Яна адзначыла, што Кыргызстан звярнуўся ў Інтэрпол з нагоды вышуку «сваякоў (К. Бакіева - ІФ), якія ўдзельнічалі ў разграбленні краіны». «Што тычыцца Бакіева – ці пададзеная заява ў Інтэрпол - мне невядома», - сказала амбасадар Кыргызстана.
Амбасадар Кыргызстана ў Беларусі заяўляе пра адсутнасць якой-небудзь небяспекі для членаў беларускай дыпмісіі ў Бішкеку.
«Ніякай небяспекі для дыпламатычнай місіі ў Бішкеку, у Кыргызстане няма», - падкрэсліла яна.
Яна дадала, што «абсалютна ўсе дыпламатычныя місіі працуюць, практычна штотыдзень прыбываюць новыя місіі». Амбасадар заявіла, што не ведае, чаму беларускія дыпламаты бачаць небяспеку для знаходжання беларускай дыпмісіі ў Кыргызстане. «Гэта трэба быць там, там спакойна», - канстатавала дыпламат.