Пасол Венесуэлы: Кошт нафты для Беларусі - камерцыйная тайна
- 30.06.2010, 15:24
Кошт венесуэльскай нафты для Беларусі - «камерцыйная тайна, якая калі-небудзь стане відавочнай».
Пра гэта заявіў амбасадар Венесуэлы Амерыка Дыяс Нуньес на прэс-канферэнцыі ў Менску 30 чэрвеня, паведамляе БелаПАН.
Па словах Нуньеса, у 2009 годзе абмяркоўвалася сама магчымасць такіх паставак, у 2010-м - іх рэнтабельнасць. «Адказ відавочны: калі пастаўкі не былі б рэнтабельныя, яны не ажыццяўляліся б», - сказаў ён.
Дыпламат падкрэсліў, што «іншыя краіны, краіны Лацінскай Амерыкі, таксама атрымліваюць венесуэльскую нафту на льготных умовах». «Такія стратэгічныя пагадненні былі дасягнутыя на ўзроўні кіраўнікоў нашых краін, яны стабільныя і рэнтабельныя, гэта жэст салідарнасці і падтрымкі беларускага народу», - заявіў амбасадар Венесуэлы.
Нуньес паведаміў, што дасягнута дамоўленасць аб пастаўцы ў Беларусь 10 млн. тон нафты ў 2011 годзе.
Амбасадар сказаў, што сумеснае беларуска-венесуэльскае прадпрыемства «Петралера Белавенесалана» здабывае нафту на сталых і новых радовішчах у штатах Ансаатэгі і Сулія, яму былі перададзеныя выведаныя радовішчы для здабычы прыроднага газу. Гэта прадпрыемства таксама займаецца выведкай радовішчаў.