BE RU EN

Нэльсан Мандэла адкрые Чэмпіянат свету па футболе

  • 9.06.2010, 9:54

Першы чарнаскуры паўднёваафрыканскі прэзідэнт усёткі прыме ўдзел у цырымоніі адкрыцця чэмпіянату свету па футболе ў ПАР.

Раней сям'я Нэльсана Мандэлы казала, што яго здароўе не дазваляе яму прысутнічаць на такога кшталту мерапрыемствах. Аднак саступіўшы шматлікім просьбам, Мандэла, якому ў ліпені спаўняецца 92 гады, усё ж вырашыў з'явіцца на стадыёне.

У інтэрв'ю «Еўраньюс» яго ўнук і прэс-сакратар Нкосі Зведзівеліл Мандэла заявіў:

«Думаем, ён мог бы прыйсці на стадыён, прабыць тут хвілінаў 10-15, прайсці па коле, вітаючы гульцоў і заўзятараў, – вось так прыблізна мы ўяўляем яго ўдзел. А вось прымусіць яго праседзець увесь матч, усе 90 хвілінаў – гэта ўжо азначала б ставіць яго здароўе пад небяспеку».

Чэмпіянат свету па футболе – 2010 адкрываецца ў Ёханэсбургу ў пятніцу. Шэраг яго сустрэчаў пройдзе і ў горадзе Порт-Элізабэт, дзе летась пабудаваны стадыён «Нэльсан Мандэла Бей», названы ў гонар легендарнага барацьбіта з апартэідам.

На гэтым стадыёне пройдзе 5 групавых матчаў, матч 1/8 фіналу, 1/4 фіналу і за 3-е месца.

Апошнія навіны