BE RU EN

Менгарвыканкам спалохаўся «бою падушкамі»

  • 13.07.2010, 11:08

Менгарвыканкам адмовіў зарэгістраванаму МГА «Гісторыка» у правядзенні мерапрыемства, прымеркаванага да 600-годдзя Грунвальдскай бітвы.

Насуперак забароне моладзь ад святкавання юбілею перамогі войскаў ВКЛ над Тэўтонамі адмаўляцца не збіраецца.

Характэрна, што першапачаткова энтузіязм арганізатараў подушкавых баталій падзялілі ва Ўпраўленні культуры пры Менгарвыканкаме і нават у Міністэрстве культуры. Намеснік міністра культуры Г. Стружэцкі ў рэкамендацыйным лісце падтрымаў грамадзкую ініцыятыву, даўшы ёй наступнае вызначэнне: «незвычайнае мерапрыемства з элементамі баёў з падушкамі». Аднак адказная інстанцыя ў асобе пільнага намесніка старшыні Менгарвыканкама М. Ціценкова не пранікліся захапленнямі чыноўнікаў «культурнага» міністэрства. Ад сталічных уладаў услед стэрэатыпны адказ: «У сувязі з тым, што заява МГА «Гісторыка» аб правядзенні масавага мерапрыемства не адпавядае патрабаванням часткі 5 арт. 5 Закона «Аб масавых мерапрыемствах», Менгарвыканкам не дазваляе правядзенне мерапрыемства на пляцоўцы побач з будынкам Нацыянальнай бібліятэкі».

МГА «Гісторыка» збіраецца паведаміць аб забароне мерапрыемства ўсім патэнцыйным удзельнікам. Але не падобна, каб гэта моцна астудзіла подушкавы азарт жадаючых прыняць удзел.

«Мне не зразумелы ірацыянальны страх уладаў. Але нягледзячы ні на што, асабіста я буду 15 ліпеня на запланаваным месцы правядзення «бою падушак». Спадзяюся, што разумны сэнс пераможа і свята пазітыву пройдзе без перашкод», - заявіў адзін з ініцыятараў першых «баёў» Андрэй Кім.

Нагадаем, першая акцыя «Бой падушкамі», прымеркаваная 599-годдзя Грунвальдскай бітвы, прайшла ў Менску без дазволу ўладаў 15 ліпеня 2009. Праз два месяцы, 8 верасня 2009 года, у гонар 495-годдзя Аршанскай бітвы адбылася другая ў гісторыі беларускага подушкавага руху санкцыянаваная акцыя. У другой бітве паўдзельнічалі каля 400 чалавек.

Бой падушкамі, як і планавалася першапачаткова, адбудзецца ў Менску 15 ліпеня ў 19:00. Удзельнікаў чакаюць са сваімі падушкамі. Месца правядзення акцыі - пляцоўка каля Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.

Апошнія навіны