Кабякоў ва ўсім вінаваціць Мытны саюз
- 14.07.2010, 11:22
Улады разлічваюць на паляпшэнне сваёй пазіцыі ў спісе краін з найбольш спрыяльнымі ўмовамі для вядзення бізнесу.
Пра гэта паведаміў 13 ліпеня ў Менску віцэ-прэм'ер Беларусі Андрэй Кабякоў, перадае БелаПАН.
Па яго словах, паводле ацэнкі міністэрства эканомікі, пазіцыя краіны ў рэйтынгу Сусветнага банка «Doing business» можа быць палепшана на 10 пунктаў, і, такім чынам, Беларусь падымецца з 58 да 48 месца.
Кабякоў адзначыў, што Беларусь стала адным з лідэраў па колькасці праведзеных рэформаў у сферы рэгулявання прадпрымальніцкай дзейнасці атрыманым ад іх эфектам. У той жа час, сказаў віцэ-прэм'ер, па падаткаабкладанні Беларусь займае ў «Doing business» апошняе 183 месца. На думку Кабякова, гэта звязана з тым, што пры адмене адных падаткаў павялічваецца падатковая база па іншых, «ідзе папаўненне даходнай часткі бюджэту». У выніку пазіцыя ў рэйтынгу практычна не змяняецца, адзначыў віцэ-прэм'ер.
На яго думку, дасягненне Беларуссю 70-га месца ў рэйтынгу па падаткаабкладанні будзе «нядрэнным вынікам».
Пры гэтым нізкае месца ў «Doing business» у катэгорыі «міжнародны гандаль» Кабякоў тлумачыць «рэаліямі сённяшняга дня, калі ў рамках Мытнага саюза даводзіцца ўзгадняць правілы гульні з краінамі, якія па паказчыку «міжнародны гандаль» займаюць зусім не першыя месцы: Расея -162, Казахстан - 183».