Сяргей Каваленка абвясціў галадоўку пратэсту
- 14.07.2010, 12:39
Віцебскі актывіст знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрыманьня па рашэнні Першамайскага РУУС.
8 ліпеня яго змясцілі пад варту на 10 сутак, паведамляе «Радыё Свабода».
Сяргей Каваленка змог паведаміць, што трымае галадоўку з 9 ліпеня. Такім чынам ён пратэстуе супраць несправядлівага апошняга затрымання, абвінавачванняў у здзяйсненні «дробнага хуліганства» і крымінальнага прысуду за вывешванне 7 студзеня бел-чырвона-белага сцяга на галоўнай навагодняй ёлцы горада.
У апошні раз Сяргея Каваленку затрымалі каля ўласнага дома нібыта за парушэнне рэжыму адбывання умоўнага пакарання, якое яму прысудзілі за вывешванне сцяга.
Міліцыянты склалі пратакол аб тым, што ён вярнуўся дадому пазней 21 гадзіны, што лічыцца парушэннем рэжыму. Маці актывіста Лідзія Каваленка кажа, што спазненне было справакаванае - міліцыянты сачылі, калі Сяргей вернецца, і проста не пусцілі яго ў пад'езд, пакуль кантрольны час не выйшаў.
Сваякі актывіста непакояцца, што зафіксаванае парушэнне рэжыму можа пацягнуць за сабой замену пакарання для Сяргея Каваленка: замест ўмоўнага яму могуць даць «хімію» ці нават турэмнае зняволенне.
Сёння актывіста, які галадае ужо пятыя суткі, пад вартай прывезлі ў Кастрычніцкі райсуд, дзе запланавана разгляд яго пазову супраць рэдакцыі газеты «Віцьбічы» і старшыні гарвыканкама Віктар Нікалайкін. Каваленка настойвае, каб яму далі час знайсці адваката, таму што сваякам без яго зрабіць гэта не ўдалося.
Нагадаем, што пазоў сябра КХП БНФ падаў пасля артыкула ў афіцыйнай газеце, у якой, на думку Каваленка, яго абразілі і абгаварылі.