Сканала дзяўчына, параненая ўчастковым міліцыянтам
- 16.07.2010, 16:26
Дзяўчына, параненая ўчастковым міліцыянтам у Рагачоўскім раёне Гомельскай вобласці, 16 ліпеня сканала ў рэанімацыі раённай бальніцы.
Нагадаем, трагедыя адбылася позна ўвечары 6 ліпеня. Участковы міліцыянт Рагачоўскага РАУС параніў з табельнага пісталета ў службовай машыне 22-гадовую дзяўчыну, жыхарку вёскі Журавічы Рагачоўскага раёна. Пацярпелая працавала бухгалтарам у КСУП «Новыя Журавічы», перадае БелаПАН.
У ноч з 6 на 7 ліпеня ў Журавічах святкавалі Купалле. За парадкам сачылі міліцыянты з Рагачоўскага РАУС. Па аповядах відавочцаў, пацярпелая дзяўчына і дзве яе сяброўкі селі ў машыну да трох міліцыянтаў, якія знаходзіліся ў стане алкагольнага ап'янення, і паехалі з імі ў суседнюю вёску Доўск. Мясцовыя жыхары таксама паведамілі, што пацярпелая дзяўчына была раней знаёмая з міліцыянтам, яны размаўлялі.
Гомельская абласная пракуратура распачала справу па ч. 1 ст.ст. 14, 139 Крымінальнага кодэкса (замах на забойства). Падазраваны супрацоўнік міліцыі затрыманы. Як стала вядома БелаПАН, ён 1976 года нараджэння, з'яўляецца дэпутатам Курганскага сельскага савета, пражывае ў вёсцы Доўск, жанаты і мае дваіх дзяцей. У сельсавеце яго характарызуюць «вельмі станоўча».