BE RU EN

ДАІ Магілёўскай вобласці на кожнага байкера завяло асабістую справу

  • 20.07.2010, 14:45

Упраўленне Дзяржаўтаінспекцыі УУС Магілёўскага аблвыканкама на кожнага байкера завяло асабістую справу.

Пра гэта паведаміў сёння на прэс-канферэнцыі начальнік УДАІ Міхаіл Неўмяржыцкі, піша БелТА.

Гэта звязана з тым, што дзвюхколавыя матацыклы з магутнымі рухавікамі прадстаўляюць асаблівую небяспеку на дарозе. Такі транспартны сродак здольны набіраць вялікую хуткасць за лічаныя секунды, і абыякавасць ва ўпраўленні тут проста недапушчальная. Да уладальнікаў гэтай тэхнікі асаблівая ўвага - праводзяцца асабістыя сустрэчы, гутаркі, інструктаж, пад кантролем месца сходаў і мерапрыемствы, якія праводзяцца байкерамі. Такое цеснае ўзаемадзеянне, у тым ліку з клубнымі фарміраваннямі, дазваляе вырашаць практычна ўсе праблемныя і вострыя пытанні, сказаў Міхаіл Неўмяржыцкі.

Значна складаней кантраляваць сітуацыю са звычайнымі матацыклістамі ў раёнах і на вёсцы. Для іх выяўлення сумесна з іншымі падраздзяленнямі праваахоўных органаў праводзяцца рэйды і падворныя абыходы. Так, з 5 па 16 ліпеня ў вобласці былі праведзены дадатковыя мерапрыемствы па папярэджанні ДТЗ з удзелам мотатранспартных сродкаў. Выяўлена 189 розных парушэнняў, з іх 23 чалавекі не мелі права кіравання мотатранспартам, 26 чалавек перасоўваліся без шлема, а 61 матацыкліст знаходзіўся за рулём у стане алкагольнага ап'янення.

«Мы невыпадкова ў апошні час надаем такую пільную ўвагу менавіта гэтай катэгорыі кіроўцаў, паколькі ў вясенне-летні перыяд яны прадстаўляюць сур'ёзную пагрозу бяспецы дарожнага руху. За шэсць месяцаў гэтага года з іх удзелам зарэгістравана 26 ДТЗ, у якіх 4 чалавекі загінулі і 30 траўмаваныя . Толькі ў чэрвені з удзелам матацыклаў, мапедаў і скутэраў адбылося 12 аварый: 1 чалавек загінуў, 15 атрымалі траўмы рознай ступені цяжкасці», - распавёў Міхаіл Неўмяржыцкі.

Апошнія навіны