Стаўкі акцызаў на алкаголь і тытунь павысяцца
- 21.07.2010, 13:02
Стаўкі акцызаў на алкагольную і тытунёвую прадукцыю ў Беларусі з верасня бягучага года плануецца павысіць.
Аб гэтым паведаміў сёння журналістам начальнік галоўнага ўпраўлення падатковай палітыкі і даходаў бюджэту Міністэрства фінансаў Беларусі Дзмітрый Кійко, перадае БЕЛТА.
Стаўкі акцызаў на алкаголь плануецца павысіць на 10 працэнтаў, на тытунёвыя вырабы - у межах 20 працэнтаў. Цяпер дакументы аб гэтых рашэннях знаходзяцца на ўзгадненні.
«Ёсць некалькі прычын, па якіх мы павінны гэта зрабіць, - адзначыў Дзмітрый Кійко. - У нас ёсць дамоўленасць з Міжнародным валютным фондам аб неабходнасці павышэння ставак акцызаў у рамках праграмы «стэнд-бай». Акрамя таго, дзяржаўная праграма па пераадоленню п'янства і алкагалізму прадугледжвае апераджальнае павышэнне ў 2009-2010 гадах ставак акцызаў на алкагольныя тавары і тытунёвую прадукцыю».