«Жорсткая размова» з Андрэем Саннікавым на Бі-бі-сі (відэа)
- 22.07.2010, 16:25
Інтэрв'ю з будучым кандыдатам у прэзідэнты Беларусі Андрэем Саннікавым транслявалася на ўвесь свет.
Будучы кандыдат у прэзідэнты Беларусі Андрэй Саннікаў прыняў удзел у галоўным ток-шоу Брытаніі HARDtalk на канале Бі-бі-сі. Лідэр грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» стаў першым беларускім палітыкам, якія стаў госцем вядучай праграмы Бі-бі-сі HARDtalk (Жорсткая размова) са Стывенам Сакурам (Stephen Sackur).
Ток-шоу было тройчы паказана на канале BBC World News і тройчы - на канале BBC News Channel і транслявалася на ўвесь свет.
Андрэй Саннікаў распавёў пра тое, як праходзіла інтэрв'ю, і якія тэмы закраналіся:
«Я добра ведаю праграму HARDtalk, гляджу яе заўсёды, калі ёсць магчымасць. Запрашэнне стаць госцем гэтай праграмы было прыемнай нечаканасцю. Гэта вельмі рэйтынгавая праграма, якая дае слова палітыкам, грамадскім дзеячам, дзеячам культуры, навукоўцам. Тое, што мне прапанавалі ў ёй удзельнічаць, азначае, што цікавасць да Беларусі, да падзеяў у нашай краіне не толькі існуе, але і павышаецца. Па пытаннях вядучага было відаць, што ён добра падрыхтаваны, хаця і граў ролю своеасаблівага «адваката д'ябла». Часам казаў блізка да тэксту афіцыйнай прапаганды, але ў выніку цалкам даваў мне выкладаць свае падыходы.
Цікава, што ў адрозненні ад радыёслужбы Бі-бі-сі, якая «разаграе» суразмоўцу, папярэдне закранае тыя праблемы, якіх будзе тычыцца гутарка, і толькі пасля гэтага пачынаецца запіс, праграма HARDtalk пісалася без падрыхтоўкі. Тэму мне пазначылі ў двух словах: сітуацыя ў Беларусі напярэдадні выбараў.
Пытанні, якія будуць задавацца, трымаліся ў сакрэце. Гэта сапраўды была жорсткая гутарка. Пытанні былі як прадказальныя, так і нечаканыя, але такі фармат прымушае мабілізавацца і выразна фармуляваць свае думкі. Вядучага я, безумоўна, ведаў па тэлепраграмах як прафесіянала і няўтульнага суразмоўцу, але падчас размовы ў нас усталяваўся добры кантакт, а пасля перадачы ён нават сказаў, што нават зарадзіў маёй упэўненасцю.
Яго цікавіла стаўленне насельніцтва да Лукашэнкі, наколькі справядлівыя сцвярджэнні пра тое, што эканамічна Беларусь не ў такой дрэннай сітуацыі, як многія спрабуюць уявіць. Я адказваў, што ў Беларусі, можна сказаць, існуе стабільнасць бядноты і параўноўваць Беларусь варта не з былымі савецкімі рэспублікамі, а з Польшчай, Чэхіяй, Славакіяй, Літвой і Латвіяй, дзе прайшлі дэмакратычныя рэформы.
Былі пытанні пра палітвязняў, і я падкрэсліў той факт, што толькі дзякуючы цвёрдай пазіцыі ЗША ў 2008 годзе былі вызваленыя палітвязні, але сёння Лукашэнка ўзяў у закладнікі новых людзей па палітычных матывах. Закраналі тэму выкраданняў у сувязі з паказанымі па расейскім тэлебачанні фільмамі. Стывен Сакур спрабаваў правесці думку, што ў Беларусі сёння няма палітычных забойстваў. На гэта я адказаў, што толькі нашыя дзеянні ўнутры Беларусі і міжнародная салідарнасць спынілі гэтую трагедыю, і што мы будзем дамагацца міжнароднага расследавання знікненняў. Безумоўна, ішла гаворка пра стасункі з Расеяй, пра сённяшнія адносіны Масквы і рэжыму Лукашэнкі, і пра нашыя будучыя адносіны. Тут я адзначыў, што галоўнай мэтай Беларусі будзе Еўразвяз, і, пры гэтым, выбудоўванне з Расеяй стратэгічнага партнёрства», - распавёў палітык charter97.org
поўнае відэа
http://video.rutube.ru/2dd9cd3acfe60836bd57ba00c954146c