Віктар Івашкевіч казаў на Сойме Партыі БНФ пра акцыю 16 жніўня
- 26.07.2010, 13:07
Вельмі важна, каб людзі выйшлі на вуліцы, лічыць лідэр Менскай гарадской арганізацыі Партыі БНФ.
Выступаючы 24 ліпеня на паседжанні Сойма Партыі БНФ, Віктар Івашкевіч паведаміў, што разам з актывістамі «Еўрапейскай Беларусі» Яўгенам Афнагелем і Паўлам Юхневічам перадаў у Менгарвыканкам заяўку з просьбай дазволіць правядзенне 16 жніўня шэсця і мітынгу пад лозунгам «Патрабуем міжнароднага расследавання справаў зніклых».
Гэтая акцыя, патлумачыў Івашкевіч, будзе прысвечаная патрабаванням высветліць усе абставіны знікнення Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага і Зміцера Завадскага.
«Вельмі важна прадэманстраваць уладам, што людзі выйшлі на вуліцу. Мы будзем патрабаваць міжнароднага расследавання справаў зніклых пад эгідай ААН», - сказаў Івашкевіч.
Як паведамлялася раней, заяўка на правядзенне 16 жніўня акцыі з патрабаваннем расследаваць палітычныя знікненні ў Беларусі 10-гадовай даўніны была перададзена ў Менгарвыканкам 16 ліпеня. Акцыю падтрымалі грамадзянская кампанія «Еўрапейская Беларусь», Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада, Партыя БНФ, Аб'яднаная грамадзянская партыя, партыя «Справядлівы свет» і іншыя арганізацыі і рухі.
Заяўнікі плануюць 16 жніўня правесці шэсце ад будынка прэзідыума Акадэміі навук да плошчы Свабоды, дзе павінен прайсці мітынг. Час правядзення акцыі — з 18.00 да 21.00.