BE RU EN

Расейская нафта ўдарыла па беларускім бюджэце

  • 27.07.2010, 9:19

Умовы імпарту нафты, якія змяніліся, сур'ёзна паўплывалі на працу нафтаперапрацоўшчыкаў.

За першыя пяць месяцаў гэтага года экспарт беларускіх нафтапрадуктаў знізіўся на 40,5 адсотка ў параўнанні з аналагічным перыядам 2009-га. Незалежныя эканамісты прагназуюць, што цяжкасці ў нафтаперапрацоўцы стануць адной з прычынаў росту дэфіцыту кансалідаванага бюджэту, пішуць «Беларускія навіны».

У першым паўгоддзі даходы ад знешнеэканамічнай дзейнасці склалі найменшы паказчык за апошнія гады. У рэспубліканскі бюджэт у студзені-чэрвені паступіла 2,9 трлн рублёў у выглядзе прыбыткаў ад знешнеэканамічнай дзейнасці, што адпавядае ўсяго толькі 29% гадавога плану.

Незалежныя эксперты тлумачаць параўнальна нізкі паказчык паступленняў ад знешнеэканамічнай дзейнасці адменай экспартнай пошліны на нафтапрадукты ў сакавіку гэтага года.

Згодна з прагнозам эканамістаў Даследчага цэнтра ІПМ, з прычыны адмены экспартнай пошліны на нафтапрадукты даходы кансалідаванага бюджэту па выніках года скароцяцца на 1,9% - да 32,2% ВУП.

Тэндэнцыя зніжэння даходаў у кансалідаваным бюджэце ўжо абазначылася. Даходы ад знешнеэканамічнай дзейнасці ў студзені-траўні склалі 4,6% ВУП супраць 5,1% ВУП за аналагічны перыяд мінулага года. Падзенне даходаў ад знешнеэканамічнай дзейнасці стала заўважна ў красавіку і траўні - калі перастала дзейнічаць экспартная пошліна на нафтапрадукты.

Чакаецца, што вынікам зніжэння даходаў ад знешнеэканамічнай дзейнасці стане рост дэфіцыту кансалідаванага бюджэту. Па прагнозе эканамістаў Даследчага цэнтра ІПМ, дэфіцыт кансалідаванага бюджэту па выніках 2010 года складзе 3% ВУП (супраць запланаванага Мінфінам дэфіцыту ў памеры 1,5% ВУП).

Экспартную пошліну на нафтапрадукты, адсутнасць якой з'яўляецца адным з фактараў зніжэння прыбыткаў бюджэту, адмяніў у сакавіку сваім указам прэзідэнт Беларусі. Першы віцэ-прэм'ер Уладзімір Сямашка тлумачыў адмену экспартнай пошліны неабходнасцю абараніць фінансавыя інтарэсы нафтаперапрацоўшчыкаў.

«Не можа быць падвойнага падаткаабкладання - 100% пошлінаў на пастаўкі нафты і экспартная пошліна на нафтапрадукты», - падкрэсліваў першы віцэ-прэм'ер.

Гісторыя дзеяння экспартнай пошліны ў Беларусі паказвае яе розныя прызначэнні. Да 2007 года экспартная пошліна на нафтапрадукты была ў Беларусі значна ніжэй за ўзровень расейскай. Гэтым карысталіся расейскія нафтатрэйдары, якія прывозілі ў Беларусь нафту, перапрацоўвалі яе і затым, карыстаючыся нізкай беларускай экспартнай пошлінай на нафтапрадукты, прадавалі паліва на знешніх рынках.

У 2006 годзе Маскве надакучыла існаванне Беларусі ў выглядзе гэткага нафтавага афшора, які мала таго, што дазваляе расейскім нафтавікам сыходзіць у падатковую «гавань», дык і яшчэ падзяляцца не хацеў выручкай ад рэалізацыі нафтапрадуктаў.

Пасля працяглых спрэчак пра тое, колькі Беларусь павінна Расеі за вуглевадародную сыравіну, у студзені 2007 года Масква і Менск падпісалі нафтавае пагадненне. Сутнасць пагаднення зводзілася да таго, што Беларусь узнімае да ўзроўня расейскай экспартную пошліну на нафтапрадукты і пачынае падзяляцца ёю з Расеяй.

У 2007-2009 гадах схема гэта Беларусь у цэлым задавальняла. З Расеяй даводзілася падзяляцца нафтавымі прыбыткамі, але гэта былі тыя грошы, якія афіцыйны Менск гатовы быў аддаваць.

Неспрыяльныя наступствы, якія перажывае сёння беларускі бюджэт, звязаныя з новымі ўмовамі паставак расейскай нафты ў Беларусь. Масква адмовілася са студзеня 2010 года даваць Беларусі на ільготных умовах вуглевадародную сыравіну, неабходную для вытворчасці нафтапрадуктаў, якія эскпартуюцца. Наконт фінансага выніку гэтага рашэння нескладана выказаць здагадку.

У 2004-2009 гг. Беларусь, набываючы расейскую нафту на ільготных умовах і прадаючы нафтапрадукты па сусветных коштах, атрымлівала штогод коштавы выйгрыш у сярэднім на 3 млрд даляраў. Адпаведна, зараз, пасля ўмоваў паставак нафты, якія змяніліся, у Менска такіх даходаў ужо не будзе.

Гэтая акалічнасць, як паказвае бюджэтная статыстыка за першае паўгоддзе, пачынае негатыўна ўплываць на паступленні ў казну. Такі нізкі даход ад знешнеэканамічнай дзейнасці, які склаўся ў першым паўгоддзі 2010 года, Беларусь даўно не атрымлівала.

Апошнія навіны