Літва абураная, што беларускія ўлады ігнаруюць яе пратэсты па АЭС
- 27.07.2010, 15:26
Пазіцыя Літвы адносна будаўніцтва беларускай АЭС не змянілася.
Пра гэта заявіў БелаПАН кіраўнік камісіі па ядзернай энергетыцы сейма Літвы Рокас Жылінскас.
«Пазіцыя Літвы не змянілася ў выніку кансультацый з Беларуссю, бо беларускі бок пакінуў без адказаў нашыя пытанні, у прыватнасці, аб крытэрах выбару Астравецкай пляцоўкі для размяшчэння АЭС», - растлумачыў літоўскі парламентар.
Літва пярэчыць супраць размяшчэння будучай беларускай АЭС менавіта на Астравецкай пляцоўцы - каля літоўскай тэрыторыі і менш чым у 50 кіламетрах ад Вільні.
Рокас Жылінскас назваў беларуска-літоўскія кансультацыі на гэты конт «чыстай фармальнасцю, якую Беларусь хоча выкарыстаць, каб паказаць, не надаючы значэння іх вынікам і зместу, што яна выконвае працэдуры Канвенцыі Эспаа».(Канвенцыя Эспаа - Канвенцыя ЕЭК ААН аб ацэнцы ўздзеяння на навакольнае асяроддзе ў транспамежным кантэксце. - БелаПАН.).
«Пасля чэрвеньскіх кансультацый Літва не змяніла сваёй пазіцыі па беларускай АЭС. Акрамя таго, Літва ўжо накіравала сваю афіцыйную ацэнку гэтых кансультацый і запрасіла Беларусь аб дадатковай інфармацыі», - паведаміў кіраўнік парламенцкай камісіі.
Афіцыйны ліст на імя намесніка міністра прыродных рэсурсаў і навакольнага асяроддзя Беларусі Віталя Куліка накіраваны 9 ліпеня. У ім намеснік міністра навакольнага асяроддзя Літвы Аляксандрас Спруогіс просіць аб правядзенні ў Літве паўторных грамадскіх слуханняў па справаздачы аб ацэнцы ўздзеяння на навакольнае асяроддзе (АУНА) будучай АЭС, а таксама аб новай двухбаковай сустрэчы для працягу кансультацый у межах Канвенцыі Эспаа.