Санкцыі ЕЗ супраць Ірана могуць балюча ўдарыць па Беларусі
- 30.07.2010, 13:32
Стасункі ўладаў Беларусі з Іранам выклікалі цікавасць з боку амерыканскіх і еўрапейскіх чыноўнікаў.
Рэзалюцыя Савета бяспекі ААН аб ўводзенні санкцыяў супраць Ірана не выклікала належнага рэзанансу ў Беларусі. Прагучала пару невыразных заяваў пра тое, што санкцыі не паўплываюць на супрацоўніцтва Менска з гэтай краінай, на тым тэма і заглухла.
Тым часам, адзначае АФН, беларускія ўлады называюць Іран адным са сваіх стратэгічных партнёраў. У краіне зарэгістраваныя два банкі з іранскім капіталам, рэалізуецца шэраг буйных праектаў у галіне, якая згаданая ў рэзалюцыі ААН, ды і супрацоўніцтва з гэтай краінай у ваеннай сферы выклікае шмат пытанняў.
На гэтым тыдні Еўразвяз ухваліў дадатковы пакет санкцыяў супраць Ірана, але і гэтая падзея чамусьці прамінула Беларусь. Першым чыноўнікам, якому «пашчасціла» каментаваць прэсе гэту зусім не простую тэму, стаў кіраўнік Нацбанка Пётр Пракаповіч. Зрэшты, назваць каментаром выказванні Пракаповіча вельмі складана.
«Санкцыі супраць Ірана – мэтавыя і накіраваныя супраць фінансавання вытворчасці ядзернага паліва, зброі, працы нафтахімічнага комплексу. Кантралююцца толькі тыя банкаўскія аперацыі, якія накіраваныя на пэўныя мэты. Калі нашыя банкі працуюць у іншых галінах - закупляюць іншую беларускую прадукцыю, харчаванне ці тавары ў Іране, дык санкцыяў да іх не павінна быць. Тым больш, санкцыі накіраваныя супраць канкрэтных прадпрыемстваў і арганізацыяў. Таму мы натуральна адсочваем, каб нашыя банкі і нашыя прадпрыемствы не траплялі пад санкцыі. Ды і самі банкі гэта адсочваюць. Нам няма неабходнасці трапляць пад санкцыі», - сказаў учора на прэс-канферэнцыі кіраўнік НББ.
Але ці так усё спакойна і ціхамірна?
Санкцыі Еўразвяза супраць Ірана прадугледжваюць увядзенне забароны на інвестыцыі і перадачу тэхналогіяў Ірану ў галіне нафта- і газаздабычы, а таксама нафтаперапрацоўчай галіны. Акрамя таго, ЕЗ узмоцніць кантроль за банкаўскімі аперацыямі іранскіх банкаў, паветраную прастору ЕЗ зачыняць для іранскіх грузавых самалётаў, таксама з'явіцца абмежаванне на марскія грузаперавозкі і адмова ад экспарту прадукцыі, якая можа выкарыстоўвацца Іранам у ваенных мэтах.
Як ужо паведамлялася, сусветныя нафтавыя гіганты з-за аднабаковых санкцыяў ЗША супраць Ірана, уведзеных яшчэ да рэзалюцыі Савета бяспекі ААН, адмовіліся ад бізнэсу ў Іране. У прыватнасці расейская Лукойл яшчэ ў сакавіку т.г. выйшла з праекта Анаран у Іране (здабыча нафты) і заявіла аб спыненні паставак нафтапрадуктаў у гэтую краіну.
Пасля прыняцця рэзалюцыі Савета бяспекі ААН Іран пакінулі апошнія буйныя гульцы, вырашыўшы не гуляць з агнём: ВР і Royal Dutch Shell, а следам за імі і Total спынілі пастаўкі нафтапрадуктаў у Іран. У сваю чаргу найбуйнейшая ў Гішпаніі энергетычная кампанія Repsol YPF S.A. заявіла пра сваё выйсце з праекта па распрацоўцы іранскага газакандэнсатнага радовішча Паўднёвы Парс, у якім кампанія ўдзельнічала сумесна з Royal Dutch Shell.
Нават Расея замарозіла працэдуру продажу Ірану комплексаў СПА С-300.
Варта нагадаць, што Беларусь праводзіць сейсмавыведку на іранскіх радовішчах газу і нафты, а таксама рыхтуецца да пачатку прамысловай здабычы нафты на радовішчы Джафеір. Гэтыя праекты рэалізуюцца з удзелам беларускай дзяржкампаніі Беларуснафта, рахункі якой адкрытыя зусім не ў банках з іранскім капіталам, а ў найбуйнейшых дзяржбанках. Ды і фінансаванне гэтага праекта да нядаўняга часу ажыццяўлялася за кошт крэдытаў еўрапейскіх фінансавых структураў.
Дзіўна, што беларускія ўлады не толькі не чухаюць патыліцу з нагоды сітуацыі, якая ўзнікла вакол свайго стратэгічнага партнёра, але і робяць выгляд, што жывуць на іншай планеце – рыхтуюцца да візіту Аляксандра Лукашэнкі ў Іран на ўрачысты запуск прамысловай здабычы нафты.
Тым часам, гэткая падазроная цішыня, якая пануе ў Беларусі па пытанні санкцыяў супраць Ірана, ужо выклікала да сябе цікавасць з боку амерыканскіх і еўрапейскіх чыноўнікаў. Пройдзе яшчэ крыху часу, і Еўразвяз возьме пад асаблівы кантроль не толькі пагадненні адкрытых у Беларусі банкаў з іранскім капіталам, але і ўсе аперацыі банкаўскага сектара краіны з іранскімі контрагентамі, а ўлады трэціх краінаў пачнуць даглядаць адпраўленыя ў адрас іранскіх партнёраў беларускія грузы, маючы на тое ўсе паўнамоцтвы паводле рэзалюцыі Савета бяспекі ААН.
Беларускім прадпрыемствам нафтахіміі і банкам, якія іх абслугоўваюць, і без таго даводзіцца нясоладка на фоне эканамічных санкцыяў ЗША супраць Беларусі, у той час як сітуацыя можа толькі толькі пагоршыцца з-за татальнага падазрэння да ўсіх аперацыяў беларускага банкаўскага сектара і дзеянняў уладаў.
І ніякія выказванні Пракаповіча і нават Лукашэнкі не ў сілах зняць гэтыя падазрэнні. Беларусь можа пазбегнуць абгрунтаваных ці неабгрунтаваных абвінавачванняў у супрацоўніцтве з Іранам у ядзернай сферы і пастаўках зброі толькі ў выпадку публікацыі дакладнай і зразумелай заявы Савета бяспекі краіны з вычарпальным спісам усіх праектаў, якія рэалізуюцца ў Іране, нягледзячы на ўсе ДСК і ваенныя таямніцы.
У адваротным выпадку санкцыі Еўразвяза і ЗША супраць Ірана могуць балюча ўдарыць па беларускай эканоміцы, справы ў якой і без таго ідуць вельмі дрэнна.