BE RU EN

Лукашэнка падпісаў Мытны кодэкс

  • 5.07.2010, 10:19

Аднак беларускі кіраўнік працягвае патрабаваць не спаганяць экспартныя пошліны на нафтапродукты ва ўзаемным гандлі.

Расея, Беларусь і Казахстан падпісалі заяву аб ўступленні ў сілу Мытнага кодэкса, заявіў прэзідэнт РФ Дзмітры Мядзведзеў.

«Была падпісаная заява ў сувязі з тым, што ўступіў у сілу Мытны кодэкс. У стасунках паміж трыма краінамі ён ўступіць у сілу 6 ліпеня, а для Расеі і Казахстана ўступіў у сілу з 1 ліпеня», - сказаў Мядзведзеў на прэс-канферэнцыі па выніках паседжання Міждзяржсавета ЕўрАзЭС, перадае «Інтэрфакс».

Адзіная мытная тэрыторыя Беларусі, Расеі і Казахстана ўтворыцца з 6 ліпеня 2010 года, паведаміў першы намеснік старшыні ўрада Расеі Ігар Шувалаў.

«З заўтрашняга дня, 6 ліпеня 2010 года, утворыцца адзіная мытная тэрыторыя паміж Беларуссю, Расеяй і Казахстанам. На адзінай мытнай тэрыторыі будзе ўжывацца адзіны Мытны кодэкс Мытнага саюза і ўсе адпаведныя дакументы, міжнародныя дамовы», - сказаў Ігар Шувалаў.

У той жа час, адзначыў Шувалаў, Беларусь па-ранейшаму лічыць, што пасля ўступлення ў сілу Мытнага кодэкса краіны - чальцы Мытнага саюза не маюць права спаганяць экспартныя пошліны.

«Беларускі бок увесь час ставіць пытанне пра тое, што фармаванне Мытнага саюза і адзінай мытнай тэрыторыі, безумоўна, вядзе да адмены экспартных пошлінаў ва ўзаемным гандлі», - паведаміў Шувалаў журналістам пасля заканчэння саміту ЕўрАзЭС у Астане ў панядзелак.

Ён падкрэсліў, што «да фармавання адзінай эканамічнай прасторы і ўступлення ў сілу ўсіх пагадненняў, якія фармуюць АЭП, у кожнага боку застаецца права спаганяць экспартныя пошліны, пры фармаванні АЭП такіх магчымасцяў не застанецца».

Ён дадаў, што Беларусь лічыць, што нават у цяперашні момант пры стварэнні адзінай мытнай тэрыторыі ў бакоў такое права знікае.

Беларускі бок, нагадаем, прапануе Расеі адмяніць пошліны на нафтапрадукты ў 2010 годзе, а на нафту – з 1 студзеня 2011 года.

Менск да апошняга цягнуў з ратыфікацыяй Мытнага кодэкса, бо ўвязвае свой удзел у саюзе «трох» з адменай Расеяй пошліны на нафтапрадукты, якія ўвозяцца ў Беларусь.

Апошнія навіны