Злотнікаў: З-за Мытнага саюза беларускі бюджэт будзе атрымліваць менш
- 5.07.2010, 15:51
Як лічыць эканаміст Леанід Злотнікаў, улады Беларусі не атрымаюць вялікага выйгрышу ад уступлення ў Мытны саюз.
«Дзесьці выйгралі, дзесьці прайгралі. Але ў цэлым вялікага выйгрышу няма», - заявіў ён, каментуючы БелаПАН вынікі саміта Мытнага саюза ў Астане.
«Калі будуць знятыя абмежаванні на паступленне расейскіх тавараў у Беларусь, то наша прамысловасць прайграе», - мяркуе Злотнікаў.
Ён таксама адзначае, што ў Расеі на душу насельніцтва прамых замежных інвестыцый назапашана ў пяць разоў больш, чым у Беларусі, асабліва ў галіне вытворчасці бытавой тэхнікі. «Замежны капітал пабудаваў шэраг прадпрыемстваў, з якімі Беларусь не можа канкураваць», - кажа эканаміст.
Па яго словах, Мытны саюз - гэта ў некаторым родзе замкнёная прастора. «Сярэдні ўзровень імпартных пошлін - каля 10%. У развітых краінах ён у некалькі разоў ніжэй. Гэта замкнёная прастора будзе абмяжоўваць паступленне новых тэхналогій, танных замежных камплектуючых, якаснага абсталявання», - лічыць эксперт.
Кранаючы перспектывы фармавання ўдзельнікамі ТС Адзінай эканамічнай прасторы, Злотнікаў падкрэсліў: «Калі ў межах Адзінай эканамічнай прасторы будзе сапраўдная канкурэнцыя, гэта станоўчы момант. Нават, калі нашым прадпрыемствам і эканоміцы будзе горш, гэта паскорыць правядзенне рэформаў».
Акрамя таго, у рамках АЭП «Беларусь больш не зможа супрацьстаяць свабоднаму руху расейскага капіталу і праводзіць самастойную эканамічную палітыку», дадае эксперт.
Гэта, у прыватнасці, тычыцца правядзення падатковай палітыкі. «У выніку наш бюджэт будзе атрымліваць менш, таму што ўзровень падаткаабкладання ў Расіі ніжэй», - лічыць Злотнікаў.