Міхаіл Чыгір: Справа можа дайсці да дэфолту
- 1.08.2010, 17:31
Знешні доўг Беларусі небяспечны, паколькі крэдыты марнуюцца на бягучае спажыванне, лічыць былы прэм'ер-міністр.
На думку экс-прэм'ера Беларусі Міхаіла Чыгіра, выхад Менска на рынак еўрааблігацыяў не заменіць неабходнасці стварэння ўмоваў для прыцягнення замежных інвестыцыяў. У інтэрв'ю радыёстанцыі «Нямецкая хваля» Чыгір заявіў, што Беларусі, каб не давесці эканоміку да дэфолту, неабходна ствараць канкурэнтаздольныя вытворчасці.
- Чаму менавіта зараз у Беларусі ўзнікла неабходнасць размяшчэння еўрааблігацыяў?
- Калі верыць статыстыцы, дык у нас у эканоміцы ўсё выдатна. Аднак насамрэч сур'ёзнай праблемай з'яўляецца тое, што Беларусь у фінансавым плане пачуваецца вельмі няўпэўнена. У апошнія гады ў значных аб'ёмах назіраецца адмоўнае сальда знешняга гандлю, мы прадаем менш, чым купляем.
Адбіваецца на гэтай сітуацыі і тое, што Беларусь усё больш плаціць за газ, хаця гэта далёка яшчэ не сусветныя кошты, а таксама тое, што Расея скараціла пастаўкі бяспошліннай нафты да межаў унутранага спажывання Беларусі. Гэта цягне за сабой скарачэнне валютных паступленняў. Таму ў апошнія гады назіраўся хуткі рост сукупнай знешняй запазычанасці.
А паколькі такая тэндэнцыя захоўваецца і сёлета, было прынятае рашэнне аб размяшчэнні аблігацыяў на еўрапейскім рынку. Гэта адзін з варыянтаў пакрыцця адмоўнага сальда знешнегандлёвага абароту Беларусі. Рэсурсы патрэбныя немалыя, і дзюра, якая ўтворыцца ў гэтым годзе, будзе прыблізна такой, як і ў мінулым. Натуральна, такі разрыў трэба чымсьці закрываць.
- Якія рызыкі існуюць для пакупнікоў беларускіх еўрааблігацыяў?
- Бяда ў тым, што мы, на жаль, знешнія пазыкі марнуем на бягучае спажыванне – для падтрымання курсу нацыянальнай валюты, на іншыя выдаткі. Гэта значыць за кошт знешняга доўгу мы не ствараем вытворчасці, якія б працавалі і дапамагалі гасіць гэта доўг. І такая тэндэнцыя захоўваецца, таму знешні доўг для нас небяспечны.
Не разумею, чаму трэба было пагаршаць стасункі з Расеяй? А раптам яна з наступнага года выставіць нам нафту і газ па сусветных коштах, тады я не выключаю негатыўных наступстваў для рэспублікі ў фінансавым плане. Калі мы не зможам захаваць на нейкі перыяд ільготныя кошты на сыравіну, якую атрымліваем з Расеі, неабходна будзе прыняцце жорсткіх мераў, каб справа не дайшла да дэфолту.
- Як на ваш погляд трэба развіваць эканоміку краіны, каб пазбегнуць падобнай сітуацыі?
- На такім шыкоўным скрыжаванні паміж Еўразвязам і Расеяй можна б пабудаваць квітнеючую дзяржаву. У Беларусі былі выдатныя магчымасці, пачынаючы з 1994 года, але яна ад іх адмовілася. Умацоўвалася армія, міліцыя, а эканоміка заставалася на задворках.
Нейкія зрухі, вядома, ёсць, іх нельга адмаўляць. Але, па сутнасці, у краіне так і не было створана новых сучасных вытворчасцяў, якія адпавядаюць міжнародным стандартам. І сёння, паколькі мы не можам свой імпарт «закрыць» за кошт свайго экспарту, у краіны з'явіліся вялікія праблемы, у тым ліку і таму, што скарацілася дапамога з боку Расеі.
Сёння ёсць разуменне таго, што патрэбныя інвестыцыі і высокаэфектыўныя працоўныя месцы. Але інвестары з асцярогай паглядаюць на нашую рэспубліку. А сусветная практыка паказвае, што ніякага асаблівага шляху ў Беларусі быць не можа, трэба запрашаць інвестараў, гарантаваць ім стабільную працу і захаванасць уласнасці.
У свой час было каласальнай памылкай дапусціць, што з Беларусі сышлі такія інвестары як «Шкода» і «Форд». З-за гэтага ў мяне быў канфлікт з Лукашэнкам. Я сам падпісаў пагадненне з «Фордам», паводле якога ў Беларусі павінны былі вырабляцца сотні камплектуючых для машынаў. Гэта былі патэнцыйна сур'ёзныя замовы для нашых прадпрыемстваў.
Але гэты інвестар сышоў у Расею і Украіну і да нас больш не прыйдзе. Чаму гэта адбылося? Таму што Лукашэнка лічыў, што мы самі можам усё гэта зрабіць. А мы не можам без дапамогі магутнай аўтамабільнай кампаніі. Зараз кажуць, што Іран будзе збіраць машыны ў Беларусі. Але ён сам збірае іх дзякуючы французскай кампаніі. Дык і нам трэба наўпрост працаваць з Францыяй па зборцы аўтамашынаў.