Саннікаў: «Масква можа дапамагчы аб'ектыўнаму расследаванню справаў зніклых»
- 10.08.2010, 11:38
Расейская газета «Коммерсант» піша пра зварот лідэраў беларускай апазіцыі ў Савет бяспекі ААН.
Як піша «Коммерсант», вядомыя беларускія апазіцыянеры накіравалі кіраўнікам МЗС краінаў пастаянных чальцоў Савета бяспекі ААН (Кітай, Расея, Вялікабрытанія, Францыя і ЗША) ліст, які датычыць знікненняў людзей, што здараліся ў рэспубліцы з канца 90-х гадоў. Гаворка ідзе пра палітычных апанентаў Аляксандра Лукашэнкі — экс-кіраўніка МУС Юрыя Захаранку, былога віцэ-прэм'ера Віктара Ганчара і аператара расейскага тэлеканала ГРТ Дзмітрыя Завадскага. У звароце кажацца, што беларускія праваабаронцы, адвакаты і сваякі зніклых выкарыстоўвалі ўсе ўнутраныя, а таксама рэгіянальныя і міжнародныя механізмы прававой абароны для расследавання фактаў знікнення людзей. Там жа згадваецца, што незалежныя расследаванні гэтых гучных справаў, праведзеныя грамадзянскай супольнасцю, выявілі датычнасць да знікненняў вышэйшых службовых асобаў Беларусі. У гэтай сувязі чальцоў Савета бяспекі ААН заклікаюць стварыць камісію па расследаванні знікненняў лідэраў апазіцыі і грамадскіх дзеячаў Беларусі ў 1999–2000 гадах.
Ліст падпісалі былыя спікеры беларускага парламента Станіслаў Шушкевіч і Мечыслаў Грыб, лідэр грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэй Саннікаў, старшыня праваабарончага цэнтра «Вясна» Алесь Бяляцкі, старшыня партыі «Беларускі народны фронт» Аляксей Янукевіч і іншыя. Пры гэтым яны нагадалі, што ў ліпені 2010 года ў СМІ РФ з'явіліся новыя матэрыялы, якія тычацца знікненняў лідэраў беларускай апазіцыі і датычнасці да іх вышэйшых службовых асобаў краіны (відавочна, маюцца на ўвазе паказаныя тэлеканалам НТВ фільмы «Хросны бацька» і «Хросны бацька-2»).
Па словах аднаго з падпісантаў зварота Андрэя Саннікава, з'яўленне гэтага дакумента звязанае з адзінадушным імкненнем апазіцыі «дамагчыся завяршэння расследавання выкрадання людзей».
Саннікаў, упэўнены, што гэта прывядзе да поўнага зняцця завесы таямніцы над праўдай, пра якую «здагадваюцца ўсе», і пакарання канкрэтных злачынцаў. Акрамя таго, паводле яго словаў, беларускіх апазіцыянераў натхняе, што з гэтага месяца старшынства ў Савеце бяспекі ААН пераходзіць да РФ. «Мы верым, што абставінах, якія склаліся, Масква будзе спрыяць аб'ектыўнаму расследаванню справаў выкрадзеных апазіцыянераў»,— заявіў «Коммерсанту» Саннікаў.