BE RU EN

Расейскія СМІ: Лукашэнка прадае зброю баевікам

  • 11.08.2010, 9:22

«Новые Известия» сёння напісалі пра тое, што афіцыйны Менск нелегальна гандлюе расейскім узбраеннем.

Як пішуць «Новые Известия», у Менску абверглі распаўсюджаныя замежнымі СМІ паведамленні аб пастаўцы зенітна-ракетных комплексаў С-300 з Беларусі ў Іран. Ізраіль пакуль устрымліваецца ад афіцыйных заяваў з гэтай нагоды, хаця на закрытым паседжанні камісіі па замежных справах і абароне кнэсета ўжо абмяркоўвалася пытанне аб беларускіх ваенных пастаўках іншай краіне – Сірыі, праз якую ўзбраенні, як лічыць Тэль-Авіў, трапляюць у рукі радыкальнай ліванскай арганізацыі «Хэзбала».

Шум вакол экспарту ўзбраенняў у Іран справакавалі СМІ самой Ісламскай Рэспублікі. Так, іранскае інфармагенцтва Tehera паведаміла, што Тэгеран набыў дзве зенітна-ракетныя сістэмы С-300 у Беларусі і дзве «у іншай дзяржавы». Рэакцыя Менска з'явілася адразу – учора прадстаўнік Дзяржаўнага ваенна-прамысловага камітэта рэспублікі Уладзімір Лаўрэнюк афіцыйна паведаміў: беларускі бок не вёў з Тэгеранам перамоваў па гэтай тэматыцы і не пастаўляў у Іран ні комплексы С-300, ні іх кампаненты. Па словах сп-ра Лаўрэнюка, краіна няўхільна выконвае свае абавязальніцтвы ў сферы экспартнага кантролю.

Інфармацыя пра ваенныя кантакты Менска з краінамі Блізкага і Сярэдняга Усходу, у першую чаргу з Іранам і Сірыяй, усплывае рэгулярна. Так, яшчэ ў красавіку ў Дамаску адбылося паседжанне сумеснай сірыйска-беларускай камісіі па ваенным супрацоўніцтве. Паводле дадзеных сірыйскіх СМІ, бакі тады «прыйшлі да пагаднення па ўсіх пытаннях супрацоўніцтва паміж ВПК і ўзброенымі сіламі дзвюх краінаў». Але на сітуацыю зрэагаваў Вашынгтон.

Раней кангрэс ЗША прыняў законапраект «Аб ўліку беларускіх паставак узбраенняў». Амерыканцы лічаць, што Беларусь на сёння – буйны пастаўшчык ракетаў, мінамётаў, супрацьтанкавага ўзбраення і мінаў радыкальным палесцінскім групоўкам і дзяржавам, якія ЗША абвясцілі «спонсарамі тэрарызму», гэта значыць Ірану і Сірыі. Акрамя таго, Вашынгтон абвінавачвае Менск у экспарце верталётаў Мі-24, артылерыйскіх сістэмаў і бронетэхнікі ўраду Судану, танкаў – КНДР, ваенных самалётаў і авіяцыйных рухавікоў – таму ж Ірану.

Ізраільскі аналітычны цэнтр DEBKA, які спецыялізуецца на ваеннай тэматыцы, паведамляе, што зараз Дамаск вядзе з Менскам перамовы па закупках усе тых жа С-300. Прычым у Ізраілі ўпэўненыя, што зброя, якая набываецца Тэгеранам і Дамаскам, затым трапляе ў рукі баевікоў «Хэзбалы» і ХАМАС. А нядаўна кіраўнік аддзела даследаванняў упраўлення выведкі Ізраіля Ёсі Байдац выступіў на закрытым паседжанні ў кнэсеце перад чальцамі камісіі па замежных справах і абароне.

Як стала вядома «Новым известиям», Байдац абмеркаваў з дэпутатамі сірыйскія пастаўкі рэактыўных ракетаў расейскай вытворчасці ліванскім радыкалам. Пры гэтым ён заявіў, што ўсё гэта не трэба разглядаць як кантрабанду. Паводле яго словаў, гаворка ідзе пра афіцыйна арганізаваную акцыю, паколькі «пастаўка зброі ідзе з Сірыі і арганізаваная ўладамі гэтай краіны». У выніку, паводле дадзеных кіраўніка камітэта, на сённяшні дзень «Хэзбала» мае арсенал, які складаецца з некалькіх сотняў ракетаў розных тыпаў.

У самім Менску незалежныя назіральнікі інфармацыю аб ваенным супрацоўніцтве паміж Беларуссю і блізкаўсходнімі краінамі звязваюць з «фінансавымі цяжкасцямі ўрада», якому «вельмі патрэбныя грошы».

Так, экс-намеснік міністра замежных справаў, кіраўнік грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэй Саннікаў заявіў «Новым известиям», што «катастрафічнае фінансавае становішча ў краіне прымушае Аляксандра Лукашэнку прадаваць усё што заўгодна, маральных перашкодаў для гэтага ў яго няма».

Апошнія навіны