BE RU EN

Арыштаваныя чыноўнікі адміністрацыі Цэнтральнага раёна Менска

  • 11.08.2010, 11:48

Пракуратура Менска ўзбудзіла крымінальную справу ў дачыненні да начальніка аддзела жыллёвай палітыкі і дырэктара УКБа адміністрацыі Цэнтральнага раёна.

Аператыўна-вышуковыя мерапрыемствы па затрыманні чыноўнікаў праводзілі супрацоўнікі ўпраўлення па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі пры ўдзеле байцоў спецпадраздзялення МУС «Алмаз», паведамляюць «Беларускія навіны».

Першапачаткова аператыўнікі меркавалі, што гаворка ідзе пра банальнае падбухторванне да давання хабару, якое часцяком аказваецца махлярствам. У гэтым выпадку дырэктар адной са сталічных фірмаў вельмі настойліва на працягу некалькіх тыдняў «угаворваў» індывідуальнага прадпрымальніка «даць каму трэба», каб знаёмая апошняга змагла заключыць дамову долевага будаўніцтва кватэры ў жылым доме, які будуецца ў мікрараёне «Лябяжы». Гэтае пытанне, па словах падбухторшчыка, маглі станоўча вырашыць за 6 тысячаў даляраў вядомыя яму службовыя асобы адміністрацыі Цэнтральнага раёна.

Перадача грошай патэнцыйнай дольшчыцы дырэктару фірмы адбылася раніцай 3 жніўня на вуліцы Максіма Танка. І праходзіла яна пад наглядам міліцыянтаў. Падбухторшчык жа апынуўся самым сапраўдным пасярэднікам. Праз некалькі гадзінаў каля гатэля «Менск» ён перадае 4 тысячы даляраў начальніку аддзела жыллёвай палітыкі адміністрацыі Цэнтральнага раёна, які ў сваю чаргу палову гэтай сумы ўручае дырэктару УКБа. Апошняга затрымалі раніцай 4 жніўня ў момант атрымання грошай у яго службовым кабінеце.

Па звестках «Беларускіх навін», галоўныя фігуранты гэтай крымінальнай гісторыі былі арыштаваныя пракуратурай 6 жніўня. Праводзіцца расследаванне. Далёка не першае ў гарадскіх крымінальных справах «жыллёвай палітыкі». Нагадаем, у цяперашні час пад следствам знаходзіцца зараз ужо былы начальнік упраўлення жыллёвай палітыкі Менгарвыканкама Мікалай Ком. 25 траўня Галоўным следчым упраўленнем папярэдняга расследавання МУС яму было прад'яўлена абвінавачванне ў неаднаразовым атрыманні хабараў і перавышэнні службовых паўнамоцтваў.

Апошнія навіны