Лукашэнка можа не паехаць у Ерэван
- 16.08.2010, 13:58
Так лічыць былы намеснік міністра замежных спраў Расеі, дырэктар фонду «Цэнтр палітычных даследаванняў «Кансалтынг» Андрэй Фёдараў.
Інфармацыйная вайна паміж Расеяй і Беларуссю можа перарасці ў вайну эканамічную, калі Аляксандр Лукашэнка адмовіцца ад удзелу ў нефармальным саміце АДКБ.
«Калі ён не прыедзе ў Ерэван, праігнаруе саміт АДКБ, ступень напружанасці паміж нашымі краінамі можа значна павялічыцца. Калі ён знойдзе ў сабе палітычную рашучасць, каб прыехаць і выкарыстаць трыбуну АДКБ для таго, каб выказаць свой пункт гледжання, то магчымы іншы варыянт развіцця падзей», - заявіў Фёдараў у інтэрв'ю «Еўрарадыё».
Нефармальны саміт АДКБ адбудзецца ў Ерэване 20-21 жніўня. Паводле папярэдняй інфармацыі, прэзідэнт Дзмітрый Мядзведзеў не плануе праводзіць двухбаковую сустрэчу з Аляксандрам Лукашэнкам. Але Фёдараў упэўнены, што, нягледзячы на гэта, Лукашэнка зможа з ім перамовіцца сам-насам і такім чынам пачаць працэс наладжвання ўзаемаадносін паміж нашымі краінамі. Калі ж кіраўнік Беларусі ў Ерэван не паедзе, то напружанне будзе і далей павялічвацца.
«Я цалкам выключаю варыянт з разрывам дыпламатычных адносін. Але я не магу выключыць варыянт, калі беларускі бок можа пайсці на тыя ці іншыя меры дыпламатычнага характару, якія, прынамсі, для беларускага кіраўніцтва пакажуць залежнасць Расеі ад транзіту праз Беларусь», - лічыць Фёдараў.
У той жа час эксперт мяркуе, што беларускі кіраўнік адмовіцца ад паездкі ў Ерэван.