BE RU EN

Крэмль зноў пагражае апублікаваць стэнаграмы Лукашэнкі

  • 18.08.2010, 14:40

У Маскве аспрэчылі паведамленні некаторых інтэрнэт-выданняў пра тое, што Мядзведзеў нібыта быў незадаволены выказваннямі свайго памочніка.

Намеснік кіраўніка адміністрацыі Крамля Аляксей Громаў пацвердзіў журналістам, што Масква можа апублікаваць стэнаграмы з абяцаннямі Аляксандра Лукашэнкі прызнаць Абхазію і Паўднёвую Асецію, перадаюць РИА Новости .

Громаў абверг паведамленні некаторых інтэрнэт-выданняў пра тое, што Мядзведзеў нібыта быў незадаволены выказваннямі свайго памочніка Сяргея Прыходзькі на гэтую тэму і пра тое, што ў кіраўніцтве Расеі нібыта ёсць рознагалоссі па гэтым пытанні.

«Так званая кампетэнтная крыніца, якая паведаміла розным СМІ пра быццам бы незадаволенасць прэзідэнта РФ заявай Сяргея Прыходзькі з нагоды абяцанняў кіраўніка Беларусі прызнаць Рэспубліку Абхазія і Рэспубліку Паўднёвая Асеція, а таксама магчымасці публікацыі адпаведнай часткі стэнаграмы пасяджэння АДКБ, - памыляецца і мэтанакіравана ўводзіць СМІ ў зман» , - сказаў Громаў, адказваючы ў сераду на пытанне журналістаў.

«Гэта можа быць зроблена», - падкрэсліў намеснік кіраўніка крамлёўскай адміністрацыі, гаворачы аб публікацыі стэнаграмы.

А крыніца, зразумела, беларуская, і нават зразумела хто - некампетэнтная, інакш, яна б ведала, што адміністрацыя расейскага прэзідэнта, іншыя знешнепалітычныя структуры працуюць выключна па ўказанні прэзідэнта Расеі, дадаў Громаў.

«І заява Прыходзькі зробленая па непасрэдным указанні прэзідэнта Расеі. Інакш быць не можа», - заключыў Громаў.

Апошнія навіны