Улады Беларусі не дапамагаюць РФ у барацьбе з пажарамі (Фота, відэа)
- 2.08.2010, 16:57
Украіна прапанавала суседзям дапамогу ў тушэнні пажараў, а Беларусь працягвае захоўваць маўчанне.
Рэкордная спякота і засуха выклікалі вялікія пажары па ўсёй тэрыторыі Расеі. Надзвычайная сітуацыя склалася ў 14 рэгіёнах РФ. Усяго згарэла 558 тысячаў гектараў лясоў і тарфянікаў, па стане на 2 жніўня гарэла 228 тысячаў гектараў. Агонь ахоплівае і паселішчы. Ад пажараў загінулі 34 чалавекі, больш за дзве тысячы расейцаў засталіся без жылля. Трэці дзень Масква ў смогу. Лясныя пажары атачылі ядзерны цэнтр у Сарове, пад Ніжнім Ноўгарадам, нагадвае «Радыё Свабода».
Прэзідэнт Расеі Дзмітры Мядзведзеў накіраваў на тушэнне пажараў армію. Маскоўскі патрыярх Кірыл заклікаў вернікаў маліцца аб дажджы.
Паводле дадзеных МНС Беларусі, памежныя з нашай краінай расейскія вобласці ад пажараў не пакутуюць, таму верагоднасці таго, што пажар перакінецца на захад, няма. У самой Беларусі сітуацыя стабільная, сур'ёзных пажараў няма. Гэтаму спрыяюць частыя дажджы.
За мінулыя суткі ў Беларусі адбылося 7 пажараў, у розных раёнах выгарэла па некалькі сотак тарфянікаў і хмызнякоў.
Прадстаўнік МНС Беларусі Сяргей Нікінка заявіў, што запытаў з Расеі адносна дапамогі ў тушэнні пажараў не было, як і не было адпаведных распараджэнняў беларускага ўрада, якія могуць накіраваць пажарнікаў на дапамогу расейскім калегам.
Прэс-сакратар беларускага ўрада Аляксандр Цімашэнка таксама паведаміў, што рашэння аб дапамозе Расеі няма.
Тым часам прэзідэнт Украіны Віктар Януковіч абяцаў Расеі дапамогу ў тушэнні пажараў, лячэнні і рэабілітацыі пацярпелых. Януковіч даручыў ураду, МНС, Мінабароны і іншым цэнтральным органам улады і адміністрацыям памежных з Расеяй абласцей зрабіць усё магчымае, каб дапамагчы Расеі ў прадухіленні стыхійнага бедства.
Хаця ў самой Украіне сталі гарэць тарфянікі вакол Кіева, пажаранебяспечная сітуацыя склалася і ў Крыме.
Былы спікер Вярхоўнага Савета Беларусі 12 склікання Мячыслаў Грыб, які ў свой час працаваў у пажарнай службе, лічыць лясныя і тарфяныя пажары ў Расеі вельмі небяспечнымі. Ён не ўпэўнены, што ў выратавальнікаў гэтай краіны хопіць сілаў і сродкаў. Дапамога з боку Беларусі была б вельмі дарэчы.
«Беларусь павінна была прапанаваць дапамогу. Мы павінны заўсёды, як добрыя суседзі, як хрысціяне, дапамагаць адзін аднаму. Тады мы зможам разлічваць і на іх дапамогу. А калі ў суседа бяда, а мы адварочваемся, сусед зробіць тое ж самае, калі бяда здарыцца ў нас», - лічыць Мячыслаў Грыб.
Беларусь раней накіроўвала два пажарныя верталёты ў Грэцыю і Турцыю.
http://www1.ntv.ru/swf/vp.swf?link=http://www.ntv.ru/vi200899/&id=200899&num=1