BE RU EN

Беларускія ўлады не збіраюцца адкрываць мяжу з Літвой

  • 25.08.2010, 8:54

Пытанне пра спрошчанае перамяшчэнне жыхароў памежных раёнаў так і не вырашанае.

Як паведамляе ru.DELFI.lt, Аляксандр Лукашэнка сваім указам ухваліў праект пагаднення паміж урадамі Беларусі і Латвіі аб спрошчаным парадку ўзаемных паездак жыхароў памежных тэрыторый дзвюх дзяржаў. Між тым, падобная дамова паміж Літвой і Беларуссю да гэтага часу так і засталася непадпісанай. Літва выканала ўсе неабходныя працэдуры для падпісання пагаднення аб спрошчаным памежным перамяшчэнні з Беларуссю яшчэ ў верасні 2009 года, аднак беларускі бок папрасіў адкласці яго рэалізацыю.

Меркавалася, што з сярэдзіны 2010 года жыхары Беларусі і Літвы, якія жывуць на адлегласці да 50 км ад мяжы, змогуць перасякаць яе дзякуючы дазволам, якія будуць каштаваць 20 еўра, а дзейнічаць 5 гадоў. Чакалася, што дакумент будзе падпісаны 16 верасня 2009 года падчас візіту ў Літву Лукашэнкі. Аднак за некалькі гадзін да яго прыезду ў Вільню беларускі бок паведаміў, што не гатовы падпісаць пагадненне. У верасні мінулага года прэм'еры Літвы і Беларусі ў Вільні заявілі журналістам, што пытанне спрошчанага перамяшчэння будзе вырашана ў «бліжэйшы час».

«Літва падрыхтавала праект пагаднення для падпісання ўжо ў мінулым годзе да візіту Аляксандра Лукашэнкі ў Вільню. Але беларускі бок прадставіў новыя прапановы, у сувязі з якімі перамовы пачаліся зноў», - сказаў DELFI прэс-сакратар МЗС Раландас Качынскас.

Паводле яго словаў, Літва захоўвае інтарэс да таго, каб палегчыць рэжым для жыхароў памежжа як Беларусі, так і Калінінградскай вобласці. «Аднак перамовы пакуль не скончыліся. Цяжка казаць пра канкрэтныя даты іх заканчэння», - не стаў прагназаваць прадстаўнік МЗС.

У канцы верасня мінулага года старшыня Дзяржаўнага памежнага камітэта Беларусі Ігар Рачкоўскі заявіў, што міжурадавае пагадненне аб памежным супрацоўніцтве Беларусі і Літвы будзе падпісанае да канца года: «Гэта чыста тэхнічнае пытанне».

Але гэтае «чыста тэхнічнае пытанне» не вырашанае да гэтага часу, хаця ўжо прайшоў практычна год.

Палітычны аглядальнік Раман Якаўлеўскі лічыць, што падставы адназначна сцвярджаць пра гатоўнасць Менска да супрацоўніцтва з Латвіяй і Літвой, няма.

«Пра сваю гатоўнасць супрацоўнічаць Менск дэкларуе стала, але дэкларацыі і дзеянні - гэта не адно і тое ж, - адзначае аглядальнік. - Наколькі я памятаю, кіраўнік МЗС Літвы Аўдронюс Ажубаліс наогул лічыць дыскрымінацыяй у адносінах астатніх грамадзян наяўнасць нейкіх пераваг для такіх жа грамадзян, але якія жывуць у пэўных памежных раёнах. На яго думку, візавы рэжым павінен быць лібералізаваны для ўсіх без выключэння. Але тут перашкодай з'яўляюцца ўзаемаадносіны Менска з Еўразвязам, сябрам якога з'яўляецца і Літва».

На думку Якаўлеўскага, не варта перабольшваць пагадненне аб памежным ільготным візавым рэжыме, падпісанае кіраўніком МЗС Беларусі ў Латвіі, бо такі ж дакумент кіраўнік беларускага МЗС падпісваў у лютым гэтага года і ў Варшаве. «Але «воз» і дасюль там», - канстатуе Якаўлеўскі.

«Без дазволу, ухвалення Лукашэнкі, яго міністр нічога б не падпісваў ні ў Варшаве, ні ў Рызе. Бо трэба здзейсніць унутрыдзяржаўныя працэдуры, якія ва ўмовах дыктатуры аднаго чалавека робяцца даволі хутка. І калі гэтага няма, то ўзнікаюць падазрэнні пра існаванне нейкіх, таямнічых для нас прычынаў», - тлумачыць эксперт.

З нагоды пагаднення з Латвіяй варта адзначыць тое, як цікава Сяргей Мартынаў абумовіў пачатак яго работы, лічыць Якаўлеўскі.

«Маўляў, Менск ухваляе ідэю (чыю?), каб ухвалены (як?) Лукашэнкам дакумент быў ім жа падпісаны падчас магчымага візіту ў Рыгу. Я не чуў, каб прэзідэнт Латвіі выяўляў жаданне запрасіць да сябе беларускага кіраўніка. І з'яўленне самога Лукашэнкі яшчэ не гарантыя таго, што такі дакумент будзе падпісаны. Бо ў мінулым годзе ў Вільні гэтага так і не здарылася. Можа быць, і па прычыне адсутнасці афіцыйнага запрашэння ад прэзідэнта Літвы», - выказаў здагадку ён.

На думку Якаўлеўскага, нядаўні інцыдэнт з затрыманнем высокапастаўленага літоўскага паліцэйскага Лайнаса Банкаўскаса ў Беларусі можа ўскладніць працэс работы над падпісаннем пагаднення паміж Літвой і Беларуссю.

«Прынамсі, негатыўны фон, які з'явіўся ў двухбаковых адносінах у сувязі са здарэннем, ужо дакладна не будзе спрыяць неабходнаму ўзаемаразуменню. Гэта павінен адчуць і беларускі бок падчас хуткай сустрэчы ў Менску кіраўнікоў МЗС Беларусі, Украіны і Літвы. Паводле неафіцыйнай інфармацыі, Мартынаў чакае іх у сябе ў гасцях у першай дэкадзе верасня. Мяркую, што на гэты раз у яго будзе менш камфортны суразмоўца з Вільні, чым папярэдні кіраўнік МЗС Літвы», - распавёў Якаўлеўскі.

Між тым, прэс-сакратар МЗС Літвы Раландас Качынскас у размове з DELFI сказаў, што не валодае інфармацыяй пра магчымы візіт кіраўніка МЗС Літвы Аўдронюса Ажубаліса ў Беларусь у бліжэйшы час.

Апошнія навіны