На актывістку «Еўрапейскай Беларусі» нацкавалі крымінальны вышук
- 25.08.2010, 11:01
Супрацоўнікі крымінальнага вышуку пераследуюць актывістку грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Паліну Кур'яновіч.
На працягу некалькіх дзён міліцыянты і амапаўцы дзяжурылі каля дамоў актывісткі і яе маці, паведамляе сайт «Еўрапейская Беларусь».
На выходных мужу Паліны Кур'яновіч, актывісту «Еўрапейскай Беларусі» Яўгену Афнагелю патэлефанаваў супрацоўнік крымінальнага вышуку Курачка Аляксандр Аляксандравіч і паведаміў, што Паліну Кур'яновіч чакаюць у РУУС Першамайскага раёна «для размовы». Афнагель сказаў, што яго жонка прыйдзе толькі па павестцы, аформленай у адпаведнасці з законам, аднак, у аўторак той жа чалавек патэлефанаваў зноў і патрабаваў, каб Кур'яновіч прыйшла без павесткі.
Паводле словаў супрацоўніка крымінальнага вышуку, Кур'яновіч выклікаюць у сувязі са згубай рацыі ў аднаго з амапаўцаў падчас затрымання актывістаў апазіцыі на акцыі «Патрабуем міжнароднага расследавання!» 16 жніўня. Яны сцвярджаюць, што на відэазапісы бачна, як яна паднімае рацыю, якая выпала ў амапаўца ў момант затрымання і збівання мірных дэманстрантаў.
Паводле словаў Афнагеля, яго жонка сапраўды падняла рацыю, але толькі для таго, каб аддаць яе першаму сустрэчнаму міліцыянту пасля таго, як скончыўся вэрхал, выкліканы затрыманнямі ўдзельнікаў акцыі.