Валерый Костка: «Такія аргументы вылучаюцца, калі палітыка адхіляюць ад улады»
- 25.08.2010, 13:39
Падпалкоўнік КДБ у запасе Валерый Костка лічыць, што расейскія спецслужбы ўдзельнічаюць у прэзідэнцкай кампаніі ў Беларусі са жніўня мінулага года.
«Начальнік аддзела кадраў у Крамлі вырашыў, што Лукашэнку пара адпачыць. Інтрыга гэтых выбараў у чым: тыя лічаць, што Лукашэнку пара замяніць, а ён не хоча, вядзе супраціў. Таму расейскія спецслужбы вырашаюць пытанне, як замяніць кіраўніка Беларусі, а беларускія - як утрымаць Лукашэнку. Але нашыя спецслужбы па прафесіяналізму саступаюць расейскім», - заявіў былы супрацоўнік КДБ у інтэрв'ю газеце «Салідарнасць».
На заўвагу выдання, што «палітолагі кажуць, што сёння ў Расеі няма ў Беларусі рэсурсаў для замены Лукашэнкі», Валерый Костка адказаў:
«Якія палітолагі?! Якія рэсурсы?! Якія рэсурсы патрэбныя былі, каб замяніць Аміна ў Афганістане? Трыццаць чалавек спецназа. І яшчэ стварылі бачнасць народнай рэвалюцыі.
А як у Кыргызстане было: 30 чалавек пастраляла, да гэтага часу не ведаюць хто, і пачалася рэвалюцыя. Калі ў нас на плошчу выйдзе трыста тысяч чалавек, ніякі АМАП ім не перашкодзіць», - перакананы Костка.
Паводле яго словаў, «Лукашэнку закалыхваюць, калі кажуць, што ў Расеі няма рэсурсаў для яго змены. У фільмах «Хросны бацька» Расея фактычна зраўняла Лукашэнку са злодзеем, забойцам, псіхічна хворым чалавекам. Такія аргументы вылучаюцца толькі тады, калі ажыццяўляецца сцэнар адхілення палітыка ад улады».