BE RU EN

Інтэрнэт карыстальнікі заплацяць за абмежаванне доступу да інфармацыі

  • 27.08.2010, 10:35

Вось толькі ўсе выдаткі па фільтрацыі «забароненай» інфармацыі лягуць на звычайных карыстальнікаў.

Беларускія інтэрнэт-правайдары, як і школьнікі, рыхтуюцца да 1 верасня - менавіта з гэтага дня ўсе яны павінны мець магчымасць фільтраваць забароненую інфармацыю ў Байнэце, пішуць naviny.by.

Нагадаем, пастановай Аператыўна-аналітычнага цэнтра і Мінсувязі 29 чэрвеня зацверджанае палажэнне аб парадку абмежавання доступу карыстальнікаў інтэрнэт-паслуг да інфармацыі, забароненай да распаўсюджвання ў адпаведнасці з заканадаўчымі актамі.

Гатовыя да працы і абароны інфармацыйнай прасторы

Аказалася, правайдары не збіраюцца ісці па слядах інтэрнэт-рэсурсаў, для якіх давялося падаўжаць тэрміны рэгістрацыі. Як заявілі «Беларускім навінам» у прэс-службе «Белтэлекама», галоўны аператар краіны заўсёды гатовы.

«Ёсць тэрмін выканання патрабаванняў - 1 верасня, і яго ніхто не скасоўваў. Натуральна, мы як дзяржаўны правайдар не збіраемся парушаць указ. Закуплены софт, абсталяванне, ёсць работнікі, якія ім займаюцца», - запэўнілі нас у кампаніі.

Нагадаем, адразу пасля ўступлення ў сілу пастановы аб Інтэрнэт-фільтрацыі «Белтэлекам» ужо заяўляў, што гатовы фільтраваць Байнэт хоць заўтра.

«Мы сапраўды ўжо з 1 ліпеня падрыхтавалі ўсе меры па рэалізацыі інтэрнэт-фільтрацыі. Але аказваць гэтую паслугу, згодна з заканадаўствам, мы павінны з 1 верасня», - патлумачылі такую сітуацыі ў «Белтэлекаме».

Сваю гатоўнасць фільтраваць інфармацыю пацвердзілі і іншыя правайдары. Некаторыя, праўда, адзначаюць, што не ўсё яшчэ зразумела са спісамі забароненых рэсурсаў, але БелДІЭ абяцае, што асуджаныя на забарону будуць спаўна прадстаўлены ў спісах.

У любым выпадку, мы ўсё ўжо зможам убачыць праз пару дзён. «Меры прадпрымаюцца, усё ўбачыце 1 верасня», - распавялі нам у адміністрацыі правайдара «Деловая сеть».

Хто заплаціць за фільтры?

Аднак з 1 верасня, магчыма, нам прыйдзецца сутыкнуцца не толькі з чаканым фільтраваннем, але і некаторымі нечаканымі абставінамі.

Бо, як адзначаюць правайдары, выдаткі на абсталяванне для інтэрнэт-фільтрацыі ўлятаюць у капейчыну. Так, напрыклад, «Белінфанэт» выдаткаваў на ўсё пра ўсё амаль 100 тысяч даляраў.

«Пытанне ў тым, што яшчэ будзе прыдумана. Зараз пакуль гаворка ідзе пра ручныя наладкі фільтрацыі. Калі будзе вырашана перайсці на аўтаматычную - выдаткі могуць быць значна большымі», - распавёў «Беларускім навінам» дырэктар кампаніі «Белінфанэт» Юрый Бітна.

«Самая вялікая праблема - лішнія выдаткі, якія нічым не кампенсаваныя», - прызнаўся «Беларускім навінам» дырэктар тэлекамунікацыйнай кампаніі «Айчына-плюс» Максім Ляўданскі.

Паводле яго словаў, мэты, прадугледжаныя пастановай аб Інтэрнэт-фільтрацыі, высакародныя, але вось меры па іх рэалізацыі кульгаюць.

«Ідэя добрая. Скажам, асабіста я б не хацеў, каб мой дзіцёнак наведваў невядома якія сайты і атрымліваў непатрэбную інфармацыю. Але вось меры для дасягнення гэтай мэты - не самыя ўдалыя», - падзяліўся меркаваннем спецыяліст.

«Выдаткі на ажыццяўленне фільтрацыі павесілі на правайдараў, а правайдары, у сваю чаргу, павесяць на карыстальнікаў, - тлумачыць ён. - Ну а як жа інакш нам акупіць выдаткі?».

Максім Ляўданскі дадае, што «з-за дэмпінгу «Белтэлекама» кошты падняць нерэальна. Гэта значыць, што карыстальнікі пацерпяць не праз падаражанне тарыфаў на інтэрнэт - хутчэй, ім недададуць нейкую паслугу ці дадуць яе, але не ў той якасці. Тут варыянтаў шмат, і ўсё залежыць толькі ад ступені фінансавага становішча кампаніі».

Юрый Бітна таксама падтрымлівае меркаванне пра тое, што выдаткі правайдараў гукнуцца і простым карыстальнікам Байнэту: «Рана ці позна так і будзе. Аднак калі і ў якім кантэксце гэта адбудзецца - пакуль казаць складана».

«Мы зробім усё, каб нашыя выдаткі былі апраўданая - магчыма будзем распрацоўваць дадатковыя паслугі, каб маглі так ці інакш вярнуць гэтыя грошы», - заўважыў Юрый Бітна.

Праўда, дадаў дырэктар кампаніі, пакуль яшчэ канкрэтных рашэнняў з гэтай нагоды прынята не было.

Указ №60 падкасіў інтэрнэт-кавярні

Пакутуюць ад указу №60 не толькі правайдары, але і інтэрнэт-кавярні, якія вымушаныя ўжо другі месяц не абслугоўваць наведвальнікаў без «паперкі».

Нагадаем, што з 1 ліпеня ў Беларусі скарыстацца паслугамі інтэрнэт-кавярні можна толькі паказаўшы дакумент, які пацвярджае асобу. Паводле розных дадзеных, колькасць наведвальнікаў такіх устаноў скарацілася на 30-50%.

«Попыт на інтэрнэт-паслугі знізіўся ў два разы, - распавёў «Беларускім навінам» дырэктар буйной сталічнай інтэрнэт-кавярні. - Натуральна, удвая скараціліся і прыбыткі, што зрабіла прадпрыемства папросту нерэнтабэльным».

Як прызнаюцца супрацоўнікі, нават тыя людзі, якія маюць пры сабе пашпарт, усё роўна пастаянна абураюцца новымі парадкамі.

Зараз ўстанова выжывае выключна за кошт паслуг кавярні. У планах - паменшыць месца пад камп'ютэрную залу і ўрэзаць спіс інтэрнэт-паслуг.

Як адзначаюць спецыялісты, у апошні час і так назіраўся спад папулярнасці інтэрнэт-кавярняў - маўляў, навошта кудысьці хадзіць, калі многія хоць праз тэлефон заходзяць у інтэрнэт. А ўказ №60, лічаць яны, папросту забіў гэтую сферу бізнэсу.

«Уладальнікі інтэрнэт-кавярняў будуць вымушаныя зачыняць цэнтры і прадаваць памяшканні, рэарганізоўваць іх у месца агульнага харчавання ці крамы», - мяркуе дырэктар інтэрнэт-кавярні.

Што тычыцца апраўданасці такіх мер, то замест каментара спецыяліст прывёў статыстыку: за шэсць гадоў працы ўстановы да іх толькі тройчы наляцелі прадстаўнікі органаў правапарадку, якія шукалі інтэрнэт-шкоднікаў. І гэта пры сярэдняй наведвальнасці інтэрнэт-кавярняў 300 чалавек за суткі...

Цяжкасці перакладу...

Зрэшты, папракаюць чыноўнікаў не толькі ў недальнабачнасці пры новаўвядзенні, але нават у непаразуменні прадмета размовы.

Адзін са свежых прыкладаў - стасункі з чэшскімі сенатарамі, якія наведалі Беларусь, са старшынёй пастаяннай камісіі Савета рэспублікі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы Нінай Мазай.

«Нам шмат хто казаў, што зараз у інтэрнэт-кавярні можна ўвайсці толькі з прадстаўленнем пашпарту. Спадарыня Мазай нам адказала, што гэтыя правілы дзейнічаюць толькі для непаўнагадовых і толькі ў тых установах, дзе адсутнічаюць фільтры на блакаванне сайтаў, якія змяшчаюць экстрэмісцкія ці парнаграфічныя матэрыялы. Магчыма, спадарыня Мазай не валодае інфармацыяй», - распавёў намеснік старшыні камітэта па замежных справах, абароне і бяспецы сената Чэхіі Томаш Йірса.

Дададзім, што замежнікам у прынцыпе здаюцца дзікімі абмежаванні, уведзеныя указам №60 і веерам пастаноў да яго. І пасля гэтага нашыя высокія чыноўнікі яшчэ даказваюць, што мы - сэрца Еўропы...

Апошнія навіны