ААН зоймецца расследаваннем палітычных знікненняў у Беларусі?
- 6.08.2010, 14:44
Лідэры беларускай апазіцыі звярнуліся ў Раду Бяспекі ААН з просьбай правесці міжнароднае расследаванне справаў аб выкраданні вядомых беларусаў.
Зварот быў накіраваны міністрам замежных справаў пастаянных чальцоў Рады Бяспекі – Кітая, Расеі, Вялікабрытаніі, Францыі і ЗША. Прыводзім поўны тэкст звароту.
Ваша Экселенцыя,
Звяртаемся да Вас у сувязі са знікненнямі вядомых грамадскіх дзеячоў у Беларусі, якія на працягу доўгага часу застаюцца нерасследаванымі.
Праваабаронцы Беларусі, адвакаты сем'яў і сваякі зніклых выкарыстоўвалі ўсе ўнутраныя, а таксама рэгіянальныя і міжнародныя механізмы прававой абароны, але не дамагліся выніку. Кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка, які застаецца ва ўладзе з таго часу, калі адбыліся знікненні, не стварыў умоў для правядзення дакладнага і непрадузятага расследавання гэтых спраў і блакаваў спробы міжнароднай супольнасці даведацца праўду пра лёс зніклых.
Дадзеныя справы ўключаюць выпадкі знікненняў:
1. Былога Міністра ўнутраных спраў Беларусі Юрыя Захаранкі, май 1999 г.
2. Былога віцэ-прэм’ера, экс-старшыні Цэнтральнай выбарчай камісіі РБ Віктара Ганчара, верасень 1999 г.
3. Бізнэсмена і грамадскага дзеяча Анатоля Красоўскага, верасень 1999 г.
4. Аператара расійскага тэлебачання (ОРТ) Дзмітрыя Завадскага, ліпень 2000 г.
У Беларусі незалежныя расследаванні гэтых спраў, праведзеныя грамадзянскай супольнасцю, выявілі датычнасць вышэйшых службовых асоб урада Лукашэнкі да знікненняў. Два беларускія следчыя, якія сабралі доказы ўтойвання інфармацыі з боку ўлад, былі вымушаны з'ехаць за мяжу ў 2001-м годзе, атрымалі палітычны прытулак і працягваюць хавацца.
У 2000-м годзе Камітэт ААН супраць катаванняў, разгледзеўшы перыядычны даклад па Беларусі, выказаў занепакоенасць, якая застаецца ў сувязі са знікненнямі, і заклікаў улады «разглядзець магчымасць стварэння незалежнай непрадузятай урадавай і няўрадавай нацыянальнай праваабарончай камісіі з дзеючымі паўнамоцтвамі, і ў тым ліку для прасоўвання праў чалавека і расследавання ўсіх скаргаў аб парушэнні праў чалавека, у прыватнасці, якія датычаць прымянення Канвенцыі» (A/56/44,paras.40-46.).
Гэтага не было зроблена, адказ Камітэту ААН супраць Катаванняў не быў прадстаўлены. Беларускі ўрад за шмат гадоў ні разу не адказаў на неаднаразовыя запыты Працоўнай групы ААН па гвалтоўных знікненнях, якія датычаць гэтых спраў.
У лютым 2004 года быў апублікаваны даклад Парламенцкай Асамблеі Савета Еўропы, які ўстанавіў, што высокапастаўленыя беларускія чыноўнікі былі датычныя да знікнення чатырох чалавек на працягу 1999-2000 гг. Даклад таксама ўстанаўліваў, што на вышэйшым узроўні беларускай дзяржавы былі зробленыя крокі для ўтойвання праўдзівай інфармацыі аб знікненнях. Даклад, падрыхтаваны кіпрскім парламентарыем Хрыстасам Пургурыдзесам, быў аднагалосна прыняты на паседжанні Камітэта Асамблеі па юрыдычных пытаннях і правах чалавека падчас зімовай пленарнай сесіі Асамблеі ў Страсбургу (Doc. 100624 February 2004).
У 2006 і 2007 гадах Адрыян Севярын, Спецдакладчык ААН па Беларусі, паведаміў Савету ААН па правах чалавека, што сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі недапушчальная, і адзначыў бяздзейнасць у справе расследавання знікненняў, якая працягваецца (E/CN.4/2006/36).
У ліпені 2010г. у сродках масавай інфармацыі Расійскай Федэрацыі з'явіліся новыя матэрыялы, якія датычаць знікненняў лідэраў апазіцыі і грамадскіх дзеячаў у Беларусі і датычнасці да іх вышэйшых службовых асоб Рэспублікі Беларусь. Ніякай рэакцыі беларускіх улад на гэту інфармацыю не было.
З прычыны шматлікіх парушэнняў праў чалавека Беларусь не з'яўляецца членам Савета Еўропы, таму пазоў аб знікненнях ў Еўрапейскі Суд па правах чалавека падаць немагчыма.
Прымаючы пад ўвагу больш чым 10-гадовую працу, накіраваную на забеспячэнне дзеяння правасуддзя ў справах аб знікненнях чатырох вядомых асоб у палітычным і інфармацыйным жыцці Беларусі, мы звяртаемся да Вас як да дзяржаўнага сакратара краіны-пастаяннага члена Савета Бяспекі ААН з просьбай разглядзець гэта пытанне і стварыць Камісію Савета Бяспекі ААН па расследаванні знікненняў лідэраў апазіцыі і грамадскіх дзеячоў Беларусі ў 1999-2000 гадах.
Мы звяртаемся з гэтым запытам прымаючы пад увагу рэзалюцыю аб стварэнні Міжнароднай камісіі ААН па расследаванні забойства былога прэм'ер-міністра Лівана Рафіка Харыры ў 2005 годзе і іншых палітычна матываваных забойстваў у Ліване (S/RES/1595 (2005), а таксама стварэнне ў чэрвені 2007 года Саветам Бяспекі ААН трыбунала для суда над адказнымі за забойства Харыры.
Мы заклікаем Вас разглядзець праблему зніклых лідэраў апазіцыі і грамадскіх дзеячоў Беларусі на ўзроўні Савета Бяспекі ААН і скарыстаць Ваш уплыў для таго, каб забяспечыць міжнароднае расследаванне лёсаў зніклых.
З павагай,
Станіслаў Шушкевіч
Старшыня Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь 12 склікання,
Старшыня Цэнтральнай Рады партыі Беларуская Сацыял-Дэмакратычная Грамада
Андрэй Саннікаў
Намеснік міністра замежных спраў Беларусі (1995-1996),
Каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь»
Алесь Бяляцкі
Віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі праў чалавека,
Старшыня Праваабарончага Цэнтра «Вясна»
Анатоль Лябедзька
Старшыня Аб'яднанай Грамадзянскай Партыі,
Дэпутат Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь 12 і 13 скліканняў
Мечыслаў Грыб
Старшыня Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь (1994-1996),
Дэпутат Вярхоўнага Савет 12 і 13 скліканняў, Генеральны сакратар Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада)
Сяргей Калякін
Старшыня партыі «Справядлівы свет»,
Дэпутат Вярхоўнага Савета Рэспубликі Беларусь 12 і 13 скліканняў
Аляксандр Дабравольскі
Сябра палітрады Аб'яднанай грамадзянскай партыі,
Народны дэпутат СССР (1989-1991),
Дэпутат Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь 13 склікання
Аляксандр Сасноў
Экс-міністр працы Рэспублікі Беларусь,
Дэпутат Вярхоўнага Савета 12 склікання,
Чалец прэзідыума Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь 12 склікання
Алег Воўчак
Старшыня праваабарончага цэнтра «Прававая дапамога насельніцтву»
Валеры Фралоў
Намеснік старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада),
Дэпутат Палаты Прадстаўнікоў Нацыянальнага схода РБ 2-га склікання,
Генерал-маёр
Аляксей Янукевіч
Старшыня Партыі БНФ
Рыгор Кастусёў
Намеснік старшыні Партыі БНФ
Віктар Івашкевіч
Старшыня Менскай гарадской арганізацыі Партыі БНФ
Міхаіл Марыніч
Экс-Міністр знешніх эканамічных сувязяў Рэспублікі Беларусь
Дэпутат Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь 12 склікання
Пётр Садоўскі
Дэпутат Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь 12 склікання
Амбасадар у ФРГ (1992-1994)
Уладзімір Някляеў
Каардынатар грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду»
Алена Скрыган
Намеснік старшыні партыі «Справядлівы свет»,
Дэпутат Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь 13 склікання
Яраслаў Раманчук
Намеснік старшыні Аб'яднанай Грамадзянскай Партыі
Матэрыял падрыхтаваны сайтам «Европейская Беларусь»