Жырыноўскі: Лукашэнка пачаў выбарчую кампанію з падпалу амбасады РФ (Відэа)
- 1.09.2010, 9:03
Супрацоўнікі расейскай дыпмісіі не пацярпелі ад выбуху з-за чыстага выпадку, паведамляюць СМІ.
Расейскі МЗС абураны нападам на амбасаду Расеі ў Беларусі. Пра гэта гаворыцца ў апублікаванай заяве. Напярэдадні тэрыторыю дыпмісіі ў Менску закідалі бутэлькамі з запальнай сумессю. Масква расцаніла гэта як спробу прыўнесці ў адносіны дзвюх краін недавер і напружанасць, паведамляе расейскі тэлеканал «Вести».
«Мазда» ў цемры ўспыхнула, як паходня. Калі ахоўнікі амбасады падбеглі, задняе шкло ў машыне было разбітае, і ва ўсю гарэў салон. «На месцы здарэння знайшлі бутэльку ёмістасці 0,33 літры, на ёй былі рэшткі запальнай сумесі. Там жа былі і рэшткі другой бутэлькі з пакінутым кнотам», - распавёў Аляксандр Ластоўскі, начальнік аддзела інфармацыі і грамадскіх сувязяў ГУУС Менгарвыканкама.
Бутэлькі з «кактэйлем Молатава» праз плот, мяркуючы па ўсім, кідалі двое. Так сцвярджаюць беларускія следчыя. Уся магчымая інфармацыя пра інцыдэнт у іх ужо ёсць.
«Паводле маёй інфармацыі, запіс відэакамер назірання на перыметры вёўся. І па-мойму, гэтая інфармацыя перададзена следству Беларусі», - паведаміў прэс-аташэ амбасады Расеі ў рэспубліцы Беларусь Вадзім Гусеў.
На шчасце, ніхто з супрацоўнікаў амбасады не пацярпеў. А аўтамабіль затушылі хутка. Інакш пажар мог перакінуцца і на будынак. З Масквы ў Менск тут жа была накіравана нота, дзе гэты начны падпал расцэньваецца як абуральны акт, спробай перашкодзіць працы дыпведамства. Акрамя таго, расейскі бок запатрабаваў правядзення хуткага дбайнага расследавання і пошуку выканаўцаў і арганізатараў.
У беларускім МЗС адказалі амаль адразу. «Гэта злачынная, хуліганскай выхадка, накіраваная супраць здаровага розуму і беларуска-расейскіх стасункаў», - заявіў Андрэй Савіных, прэс-сакратар ведамства.
Па гэтым факце завялі крымінальную справу. Але пакуль толькі па артыкуле аб звычайным «хуліганстве». Як быццам бутэлькі з сумессю кідаліся не на амбасадарскую тэрыторыю суседняй краіны.
«Язык не паварочваецца назваць яго побытавым, - упэўнены Канстанцін Касачоў, старшыня камітэта Дзярждумы РФ па міжнародных справах. - Гэта палітычнае хуліганства. Гэта, безумоўна, сур'ёзны сігнал для самога беларускага кіраўніцтва. Ім трэба паклапаціцца пра гэты сігнал. Трэба задумацца пра тое, якое ўздзеянне на розумы і душы выклікаюць выказванні беларускіх палітыкаў».
«Я бачу вельмі ўплывовыя сілы, якія раздзьмуваюць гэтую істэрыю. Раздзьмуваючы істэрыю, заўсёды знаходзяцца людзі, псіхічна няўстойлівыя, якіх лёгка збіць з панталыку, якія могуць пайсці на любыя акты вандалізму», - кажа Генадзь Зюганаў, кіраўнік фракцыі КПРФ у Дзярждуме РФ.
Версія таго, што адбылося, прагучала і ад лідэра ЛДПР Уладзіміра Жырыноўскага: «Спроба падпаліць амбасаду Расеі, ва ўсякім выпадку нанесці шкоду. Гэта пачатак перадвыбарчай барацьбы прэзідэнта Лукашэнкі. Можа быць, не ён сам гэта запланаваў. Але з яго штаба вырашылі абвастрыць адносіны з Расеяй».
Самога Аляксандра Лукашэнкі, у якога напярэдадні быў дзень нараджэння, сёння ў Менску не было. Ён з учорашняга дня - у Гомельскай вобласці. А здалёк каментаваць замах на Расейскую амбасаду не стаў. Але ў першую чаргу ўсё ж такі адказу чакаюць ад беларускіх праваахоўнікаў. Дык хто і навошта бутэлькі кідаў?
На працу беларускай амбасады ў Расеі гэтае гучнае менскае здарэнне не паўплывала. Тут усё па старому графіку. ГУУС Масквы, праўда, на ўсялякі выпадак, прапанавала узмацніць ахову будынка на Марасейцы. Але высветлілася, што амбасадарскіх і так ахоўваюць добра.
http://www.vesti.ru/i/flvplayer.swf?vid=297423&autostart=false