МЗС ФРГ нагадала пра умовы
- 15.09.2010, 13:02
Упаўнаважаны па правах чалавека пры МЗС ФРГ Маркус Лёнінг заклікаў улады Беларусі правесці прэзідэнцкія выбары ў адпаведнасці з міжнароднымі стандартамі.
Як гаворыцца ў заяве Лёнінга, якую распаўсюдзіла МЗС ФРГ, да падобных стандартаў варта аднесці ўдзел у выбарах палітычных партый, доступ усіх кандыдатаў да СМІ, уключэнне прадстаўнікоў апазіцыі ў выбарчыя камісіі і празрысты падлік галасоў, перадае БелаПАН.
Упаўнаважаны па правах чалавека выказаў надзею, што «беларускае кіраўніцтва запросіць для назірання за выбарамі ў тым ліку доўгатэрміновых назіральнікаў АБСЕ».
«Еўропа будзе ўважліва сачыць за выбарчай кампаніяй», - гаворыцца ў заяве.
Нагадаем, 14 верасня Майя Качыянчыч, прэс-сакратар вярхоўнага прадстаўніка ЕЗ па знешніх сувязях Кэтрын Эштан, заявіла БелаПАН, што Еўразвяз спадзяецца, што прэзідэнцкія выбары ў Беларусі пройдуць у адпаведнасці з еўрапейскімі і міжнароднымі стандартамі дэмакратычных выбараў. Яна падкрэсліла «крайнюю важнасць» назірання за выбарчай кампаніяй і адзначыла, што «дэмакратычныя выбары нададуць значны новы імпульс палітыцы уцягнення ЕЗ у дачыненні Беларусі».
14 верасня Палата прадстаўнікоў беларускага парламента аб'явіла прэзідэнцкія выбары на 19 снежня 2010 года. Кіраўнік Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына заявіла, што запрашэнні будуць накіраваныя максімальнай колькасці міжнародных назіральнікаў.