Ерэван: Беларусь не зможа вырабляць армянскі каньяк
- 15.09.2010, 13:47
Прапанова Лукашэнкі, зробленая падчас нядаўняга візіту ў Арменію, адхіленая.
Армянскі каньяк не можа быць выраблены па-за межамі Арменіі. Пра гэта заявіў выканаўчы дырэктар Ерэванскага каньячнага заводу Ара Грыгаран, каментуючы ініцыятыву беларускіх бізнэсмэнаў наладзіць у краіне вытворчасць армянскага каньяку. Ара Грыгаран падкрэсліў, што армянскі каньяк можна вырабляць толькі з вінаграда, сабранага на тэрыторыі Арменіі і Нагорнага Карабаха.
Ара Грыгаран не выключае, што пры паступленні прапановы беларускага боку аб набыцці каньячнага спірту Ерэванскі каньячны завод за добры кошт будзе яго прадаваць, перадае «Тэлеграф» са спасылкай на ІА «REGNUM-Беларусь».
Пры гэтым, дырэктар Ерэванскага каньячнага заводу заявіў, што напой выраблены нават пры выкарыстанні гэтага спірту, не будзе «армянскім каньяком», і ў яго назве не павінна ўтрымлівацца гэтага словазлучэння. Бутылізаванне армянскага каньяку па-за межамі краіны можна кваліфікаваць як парушэнне закона.
Аляксандр Лукашэнка падчас візіту ў Арменію ў жніўні прапанаваў армянскаму дэпутату і прадпрымальніку, кіраўніку канцэрна «Мульты-Груп» Гагіку Царукяну пабудаваць у Беларусі завод па вытворчасці армянскага каньяку.