Някляеў абвясціў пра ўдзел у выбарах падчас сняданку (Відэа)
- 16.09.2010, 14:37
Сёння раніцай у рэстаране «Паціа Піца» Уладзімір Някляеў афіцыйна абвясціў пра свой удзел у прэзідэнцкай выбарчай кампаніі.
Свой кароткі выступ ён пачаў цытатай з «Мужыцкай праўды» Кастуся Каліноўскага, а скончыў словамі ўласнага верша, якія, відавочна, стануць слоганам яго выбарчай кампаніі - «Я прыйшоў, каб вы перамаглі», паведамляе «Радыё Свабода».
Уладзімір Някляеў выклаў тэзісы сваёй перадвыбарнай праграмы. Ён распавёў пра змены, якія ён плануе правесці ў сацыяльнай сферы, у справе мадэрнізацыі эканомікі, пра меркаваныя палітычныя рэформы. У прыватнасці, Някляеў сказаў, што ў выпадку яго перамогі адбудзецца пераход ад прэзідэнцкай да парламенцка-прэзідэнцкай рэспублікі.
Увесь выступ Уладзіміра Някляева гучаў на беларускай мове. Аратар таксама паведаміў, што ў яго ініцыятыўную групу ўвойдзе больш за тысячу чалавек. Першы сход ініцыятыўнай групы адбудзецца ўжо сёння раніцай. Як звычайна ў апошні час, узніклі праблемы з памяшканнем - улады адмовіліся яго падаваць. Таму вялікая колькасць людзей прыедзе да сядзібы БНФ, хоць месца ўсім там не хопіць. Кіраўнікамі ініцыятыўнай групы будуць Святлана Навумава і Аляксандр Фядута.
На пытанне, ці будзе плошча пасля выбараў, Някляеў сказаў, што ў выпадку, калі ўлады забяруць перамогу, людзі прыйдуць на плошчу.