Беларускі ОНТ пра аўтапрабег Пуціна: Дурні на дарогах (Відэа)
- 2.09.2010, 9:41
Тэлеканал ОНТ абразіў расейскага прэм'ера ў сюжэце пра яго ўдзел у аўтапрабегу «Чыта - Хабараўск».
Прыводзім відэа і стэнаграмы сюжэту, які выйшаў на ОНТ увечары 1 верасня пад загалоўкам «Скандал у рускім сегменце Інтэрнэту»:
«Чыцінскія відэааматары апублікавалі здымкі фрагменту нядаўняй паездкі расейскага прэм'ера на расейскім аўтамабілі па расейскай дарозе.
Непрычасаны дзвюххвілінны ролік абверг ўсё, у чым федэральныя каналы старанна ўпэўнівалі тэлегледачоў не адзін дзень.
Чатыры дні прэм'ер Пуцін пазіраваў перад тэлекамерамі ў ролі ўдзельніка аўтапрабегу «Чыта - Хабараўск». Новую трасу «Амур», як паведамлялася, Уладзімір Уладзіміравіч выпрабаваў за рулём «Лада-Каліна». Рэкламная акцыя расейскага аўтапрама, дарожных будаўнікоў і самога прэм'ер-міністра амаль удалася. Забыліся аўтары аперацыі «Амур», што жывуць не ў часы Пацёмкіна і яго вёсак, а ў эпоху лічбавых тэхналогій і інтэрнэту.
Гэтыя хлопцы - аўтааматары з Забайкальскага клуба пазадарожнікаў «Дыверсант». І сёння яны цалкам апраўдалі сваю назву: аматары джыпаў аказаліся і аматарамі сумленнага відэа. Адлюстраваны імі і апублікаваны ў Інтэрнэце фрагмент аўтапрабегу аказаўся сапраўднай дыверсіяй. Пуціна падчас паездкі суправаджала амаль сотня спецаўтамабіляў, прычым ні аднаго айчыннага. А прыкметных жоўтых «Калін» аказалася цэлых тры: 2 ехалі сваім ходам, а трэцюю везлі на платформе.
Паводле словаў джыпераў, з імі неаднаразова праводзілі інструктаж, правяралі дакументы і аўтамабілі. Іх навучалі, дзе стаяць, як трымаць рукі, як сябе паводзіць, не ісці насустрач, не падаваць рукі, не махаць імі. Патлумачылі, што казаць, праверылі, ці няма з сабой транспарантаў. Вышэйназванае магло адбывацца на ўсіх 2165 км прэм'ерскага аўтатурне, мяркуюць аўтамабілісты, а выдаткі на ўсю аперацыю - перавысяць гадавы бюджэт невялікага расейскага горада.
Чатыры дні працы крамлёўскіх піяршчыкаў і журналістаў з бюджэтам тэлевізійнага фільма пайшлі сабаку пад хвост. Да дзвюх вядомых расейскіх бедаў дадалася трэцяя, што падсумоўвае, - дурні на дарозе. І з машынамі нешта не тое - Інтэрнэт цяпер проста захліснула крытыка прадукцыі расейскага аўтапрама. І нават сабраная для Пуціна «Каліна» з трохсотпяцідзесяцікіламетровай дыстанцыяй не справілася - прыйшлося мяняць. І з дарогамі няёмка атрымалася - тут сам Пуцін пацвердзіў, што тысячы кіламетраў асфальту без інфраструктуры - палявая дарога, а не федэральная траса. І аперацыя «Амур» па стварэнні станоўчага вобразу энергічнага палітыка правалілася. Журналісты добрасумленна цытавалі Пуціна, які нібыта абяцаў перадаць машыну, на якой усё пераадолеў, у музей «Автоваза».Толькі якую з трох? Неразумна атрымалася. Ці спадзяваліся, што авось ніхто не даведаецца? План Пуціна - будучыня Расеі».