BE RU EN

У Гародні будуць судзіць удзельнікаў пікету за беларускую мову (Фота)

  • 20.09.2010, 15:45

Уладзімір Хільмановіч і Алесь Астроўскі патрабавалі ад уладаў даць іх дзецям канстытуцыйнае права вучыцца на беларускай мове.

23 верасня суд Ленінскага раёна Гародні разгледзіць адміністрацыйную справу ў дачыненні да Уладзіміра Хільмановіча, які разам з сям'ёй прафесара Аляксандра Астроўскага 2 верасня арганізаваў пікет перад будынкам гарвыканкама.

Уладзімір Хільмановіч і Алесь Астроўскі заклікалі ўлады даць іх дзецям магчымасць вучыцца на беларускай мове. Уладзімір Хільмановіч атрымаў адпаведную позву з судовай установы. На яго думку, акцыя была справакаваная, перш за ўсё, мясцовымі ўладамі, якія не выконваюць заканадаўства краіны:

«Чаму выйшлі сям'я Астроўскіх і я на гэты пікет? Таму, што былі парушаныя больш важныя законы - Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь і закон аб мовах у Рэспубліцы Беларусь, якія гарантуюць навучанне дзяцей, пры жаданні бацькоў, на беларускай мове. Таму першым парушальнікам дзеючага заканадаўства варта лічыць аддзел адукацыі Гарадзенскага гарвыканкама, а мы выйшлі толькі выправіць гэтую заканадаўчую несправядлівасць», - кажа Уладзімір Хільмановіч.

Супрацоўнікі праваахоўных органаў настойліва раілі Уладзіміру Хільмановічу не з’яўляцца ў суд на той падставе, што справа можа быць разгледжана ў яго адсутнасці. Аднак грамадскі актывіст мае намер надаць справе як мага больш шырокі рэзананс і, у выпадку прыцягнення яго да адміністрацыйнай адказнасці, звяртацца ў міжнародныя праваабарончыя арганізацыі.

Апошнія навіны