АБСЕ накіруе двух крыміналістаў для расследавання прычынаў смерці Алега Бябеніна
- 20.09.2010, 16:40
Арганізацыя па бяспецы і супрацоўніцтву ў Еўропе (АБСЕ) станоўча адказала на зварот беларускіх уладаў накіраваць у Менск двух экспертаў-крыміналістаў.
Як паведаміў БелаПАН намеснік кіраўніка Офіса АБСЕ ў Менску Жандас Асанаў, зараз бакам трэба будзе абмеркаваць тэхнічныя дэталі расследавання прычынаў смерці журналіста Алега Бябеніна, кіраўніка апазіцыйнага інтэрнэт-рэсурсу charter97.org.
Цела 36-гадовага Алега Бябеніна было знойдзена ўвечары 3 верасня ў дачным доме, размешчаным у Дзяржынскім раёне. Экспертыза высветліла, што прычынай смерці стала асфіксія ў выніку задушэння пятлёй пры павешанні.
Сябры, сваякі і калегі загінулага сумняюцца ў тым, што журналіст мог скончыць жыццё добраахвотна. Паводле словаў яго калегаў, у Бябеніна не было ніякіх матываў для самагубства, а афіцыйныя дакументы аб яго смерці ўтрымліваюць шэраг супярэчнасцяў, якія прымушаюць сумнявацца ў афіцыйнай версіі здарэння.
Міжнародныя арганізацыі заклікалі ўлады Беларусі правесці дбайнае і непрадузятае расследаванне абставінаў гібелі апазіцыйнага журналіста.