BE RU EN

Беларусь ідзе па шляху Маўродзі

  • 21.09.2010, 13:34

Беларускія ўлады гуляюць у фінансавую піраміду з уласным насельніцтвам.

Старшыня Праўлення Нацыянальнага банка Беларусі Пётр Пракаповіч 20 верасня даклаў Лукашэнку пра поспехі грашова-крэдытнай палітыкі па выніках 8 месяцаў. Высвятляецца, з грашова-крэдытнай палітыкай у краіне лепш не прыдумаеш - рубель непахісны, валютная выручка беларускіх прадпрыемстваў павялічылася на 20%, золатавалютныя рэзервы як на дражджах выраслі да $6 млрд, ды яшчэ і стаўка рэфінансавання планамерна змяншаецца шосты раз за год.

Напярэдадні выбараў пра такія дасягненні казаць прыемна, таму пра астатняе лепш змаўчаць. А распавесці ёсць што. Рост выручкі ад экспарту, якую ацэньваюць у параўнанні з катастрафічным падзеннем 2009 года, ніяк не пакрывае імклівага росту імпарту, што і адлюстравалася ў пагрозлівым перакосе гандлёвага балансу. Беларусь у 2010 годзе так «удала» нагандлявала з навакольным светам, што фактычна засталася павінна яшчэ каля 4 млрд. даляраў, і гэта толькі за першыя 9 месяцаў. На побытавым узроўні сітуацыя выглядае прыкладна так - вы хадзілі на працу, працавалі, выдавалі прадукцыю, а ў выніку засталіся яшчэ і павінны. Як доўга разумны чалавек будзе працаваць у такіх умовах?

Працягнем разважаць на прыкладзе - каб пражыць гэтыя 9 месяцаў, чалавек павінен грошы дзесьці ўзяць, калі самастойна зарабіць ён іх не змог. Даводзіцца пазычаць ці штосьці прадаваць. Нічога арыгінальнага ў гэтай сітуацыі Пётр Пятровіч не прыдумаў - грошы, якія адсутнічаюць, проста пазычылі. Напачатку года «даядалі» крэдыты МВФ, а размяшчэнне еўрабондаў на 1 млрд. дазволіла «піць і есці» два летнія месяцы. На падыходзе - выпуск рублёвых дзяржаблігацыяў праз Ашчадбанк Расеі на суму да 15 млрд расейскіх рублёў. Толькі за першыя паўгады валавы знешні доўг павялічыўся на $1,1 млрд да $23171 млн, што складае 45,5% ВУП (без уліку апошніх запазычанняў).

Але самай пагрозлівай выглядае гульня ўладаў у фінансавую піраміду з уласным насельніцтвам. Спакушаныя фенаменальнымі адсоткавымі стаўкамі па дэпазітах беларускія Лёні Галубковы аднеслі ў банкі 21,8 трлн. беларускіх рублёў, што на $1,2 млрд перавышае золатавалютныя рэзервы. Менавіта дэпазітная бурбалка, а не крэдыты МВФ, дазваляюць хоць неяк утрымліваць нетрывалую стабільнасць. Ці надоўга?

Апошнія навіны